Шукальнікі бздураў

Мы шмат пра гэта дыскутавалі ў Празе, разам шукалі азначэньні і дзе тое выйсьце, шмат гаварылася бздураў, шмат — таксама і па дзелу.

Таму — вось некалькі назіраньняў з жыцьця ўжо ў Беларусі. Не магу не працягнуць тэму блога Сяргея Шупы «Унукі Абдзіраловіча».

Ёсьць прадуктыўная беларуская інтэлігенцыя і ёсьць дзяржаўная бюракратыя. Ніякіх іншых падзелаў што да культуры, мовы і грамадзкіх працэсаў я ня бачу. А таму не адчуваю патрэбы «збліжаць пазыцыі». Проста ўсе, каго я назваў прадуктыўнай інтэлігенцыяй (якая нешта робіць для грамадзтва), ня маюць разыходжаньняў у сваёй грамадзянскай пазыцыі. Ёсьць, вядома, тролі, якіх адразу відаць, але гэта не прадуктыўныя пэрсанажы (што таксама відаць). Ёсьць асабістыя падзелы па групах. Але кожны сам выбірае, з кім яму жыць і рабіць нешта разам. Ёсьць эстэтычныя прыхільнасьці-непрыхільнасьці, што зусім ужо натуральна. Але гэта і ўсё, ніякіх іншых падзелаў няма. Казаць пра падзел на лібэралаў і кансэрватараў — занадта сьмела і значыць:

а) сам гэты падзел інсьпіраваць;

б) канчаткова заблытацца ў відазьмененых тэрмінах. У нас кожны пісьменьнік гэтым бокам лібэрал (тут варта дадаваць: на маю думку), а гэтым — кансэрватар (што для агульнага «раскладу сіл» абсалютна нічога ня значыць).

З моўнай сытуацыяй тое самае. Навошта клікаць праблему, якой няма і не было ніколі. Для мяне, да прыкладу, эстэтычна і мэнтальна Ўладзімер Някляеў — харошы рускі паэт (ніяк ня ў крыўду Пракопавічу будзе сказана), які піша па-беларуску і належыць да прадуктыўнай беларускай інтэлігенцыі. А Алесь Адамовіч у тых самых парамэтрах — выбітны беларускі празаік, ня важна што рускамоўны. Ну як тут што дзяліць і навошта ствараць лягеры? Хто які ў канчатковым вызначэньні — рэч суб’ектыўная і, вядома ж, вызначаецца самім літаратарам. Мая думка тут што да іншых — на дзясятым месцы. Чарухін для мяне рускі пісьменьнік, амаль як Прылепін для Марціновіча (не палітычна, а менавіта паводле нясвойскасьці тэмаў і перажываньняў, бо ўспрымаю «Щежерь» як кніжку пра надта ж далёкую ва ўсіх сэнсах расейскую правінцыю), а Лазуткін — тутэйшы, з таго самага поля, што і Кулінковіч, напрыклад. І нішто, паверце, не замінае ўсім гэтым творцам суіснаваць у полі прадуктыўнай беларускай інтэлігенцыі. Усе падзелы тут штучныя і вынікаюць з падмены паняткаў. Ну як бы мы спрачаліся пра шкарпэткі Чарухіна і Лазуткіна. Іх справа, што нацягваць сабе на ногі. І ня надта наша справа гэта абмяркоўваць.

Словам, ніякіх ідэйных падзелаў я асабіста ня бачу і не адчуваю. Нават у такіх заўзятых спрэчніках як Акудовіч і Навумчык, як Славамір і Альгерд, як Хадановіч і цэлы полк, што гоніць яго з крыкам «Torro!». Гэта проста культура, скрыжаваньне думак, эстэтык, асобаў. Я ведаю, што ў патрэбны для мовы, культуры, Беларусі час усе будуць на адным баку. Бо рэальны падзел адзін — гэта супрацьстаяньне незалежнай беларускай культуры і абарзелай дзяржаўнай бюракратыі.

Фармаваньне ідэйных падзелаў, бяскрыўднае для саміх творцаў, зусім не бяскрыўднае для публікі, а ў выніку — і для творцаў. Калі ўлічыць атмасфэру татальнае хлусьні зь «яшчыка», у якой большасьць беларусаў жыве сёньня, ня маючы інфармацыйнай альтэрнатывы, дык маем самую пажыўную глебу для сваркі. І для масавага беларуса, зусім не абазнанага ў «расколах» беларускай інтэлігенцыі, гэтыя «расколы» ўдзячна становяцца ў адзін шэраг з падзелам на крымнаш (бо там «наш» Чарнаморскі флёт) і аднаполыя шлюбы як «галоўную праблему» заходняй цывілізацыі. А ніякай Украіны, вядома ж, «ніколі і не было».