Паводле слоў Барака Абамы, гэта неабходна, каб дамагчыся поўнага выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў і захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны.
Важнасьць мець цьвёрдую і рашучую пазыцыю ў дачыненьні да Ўкраіны і агрэсіі Расеі — гэта было адной зь міжнародных тэмаў размовы прэзыдэнта ЗША з прэм’ер-міністрам Ірляндыі Эндай Кені, які знаходзіцца ў Вашынгтоне зь візытам, распавёў амэрыканскі кіраўнік пасьля перамоваў.
Злучаныя Штаты Амэрыкі, а таксама шэраг іншых краінаў і Эўрапейскі зьвяз скаардынавана ўвялі супраць Расеі і сэпаратыстаў, якіх яна падтрымлівае ў Данбасе, ужо цэлы шэраг санкцыяў — спачатку з-за акупацыі і анэксіі Масквой украінскага Крыму, потым празь яе ваенную агрэсію на ўсходзе Ўкраіны. На Захадзе заяўляюць, што гэтыя санкцыі могуць і аслабіць, і ўзмацніць — у залежнасьці ад дзеяньняў Крамля.