Праграмістаў у Беларусі могуць пазбавіць ільгот. Чакаецца адток IT-спэцыялістаў ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Міністэрства фінансаў прапануе павысіць падатковыя адлічэньні ў ІТ сфэры. Пазбаўленьне льготаў можа стаць прычынай адтоку спэцыялістаў.

Улады Беларусі шукаюць грошы. Усьлед за ініцыятывай увесьці некаторыя незвычайныя віды падаткаў (напрыклад, на дармаедаў) зьявілася яшчэ адна прапанова. Мінфін Беларусі падрыхтаваў зьмены ў Дэкрэт прэзыдэнта. Яны фактычна пазбаўляюць рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій падатковых ільгот.

Сацыяльныя выплаты кампаній-рэзыдэнтаў плянуецца павялічыць прыкладна ў 3 разы, а падаходны падатак падняць зь 9 да 10%. Ці застанецца Парк Паркам пасьля такіх новаўвядзеньняў?

«Парк, уласна, і ствараўся для таго, каб падвысіць экспарт і каб праграмісты не зьяжджалі» — кажа заснавальнік і саўладальнік інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY Юры Зісер.

«Падняць падаходны падатак на адзін працэнт, гэта капейкі! Калі ў сярэднім там паўтары тысячы даляраў па галіне — заробак у месяц, то гэта — пятнаццаць даляраў. Але вось сацстрах — гэта катастрафічна. Гэта адразу рост на чатырыста — шэсьцьсот даляраў», — падлічвае Зісер.

У Парку высокіх тэхналёгій пакуль дзейнічае льготны рэжым падаткаабкладаньня, які прыцягвае ў Беларусь тысячы праграмістаў.

Ён стымуляваў рост гэтай галіне ў 30 разоў і адпаведна павялічыў валютныя паступленьні ў краіну. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адміністрацыі Парку пакуль удалося адстаяць некаторыя падатковыя льготы, аднак ніхто не дае гарантыі, што беларускі ўрад ня вернецца да гэтага пытаньня зноў.