Бацькоўскі запавет

Дэніэл Макдональд, «Ірляндзкая сялянская сям’я знаходзіць гніль на сваёй бульбе» (1847).

Пасьля тэракту ў менскім мэтро мы з калегам узялі інтэрвію ў колішняга ірляндзкага тэрарыста Шона О’Калагана.

«Мяне выхавалі зь перакананьнем, што забіць брытанскага вайскоўца ў Ірляндыі — не злачынства і ня грэх. Такія рэчы апраўдваюцца самі сабою» — сказаў нам Шон.

Шон далучыўся да ІРА ў 15 гадоў. Потым адмовіўся ад тэрору і стаў стукачом брытанскіх спэцслужбаў. Праз 12 гадоў прызнаўся, з уласнай волі, што забіў цяжарную жанчыну-вайскоўца і паліцыянта. Адседзеў восем гадоў.

Шон адмовіўся ад паплечнікаў і ад бацькоўскага запавету. Бацькоўскага апраўданьня для жыцьця і сьмерці яму не хапіла. Магчыма, ён падумаў пра сваіх ненароджаных дзяцей. Або пра чужых.

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org