Беларуская апазыцыя спрабуе зьвіць гняздо ў «Эўранэсьце»

Эўранэст

У Ерэване праходзіць сумеснае паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст» і Форуму грамадзянскай супольнасьці.

У дэлегацыі працоўнай групы па Беларусі Эўрапейскага парлямэнту — кіраўнікі сямі палітычных структур Беларусі: Анатоль Лябедзька (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Сяргей Калякін (Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»), Уладзімір Някляеў (грамадзянская кампанія «Гавары праўду»), Ірына Вештард (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аляксандар Мілінкевіч ( рух «За свабоду»), Віталь Рымашэўскі (БХД), Рыгор Кастусёў (Партыя БНФ).

Прадстаўнікоў афіцыйнага Менску ў Ерэван не запрасілі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што гэта першае паседжаньне групы пасьля абраньня новага складу Эўрапейскага парлямэнту. «Склад групы абнавіўся на 100%, і зразумела, што неабходны пэўны час на знаёмства і прыцірку».

Анатоль Лябедзька не выключае, што падчас сустрэчы адбудзецца дыскусія аб прадстаўніцтве Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст».

«Гэтае пытаньне было замарожана, але цяпер на палітычным календары Эўропы адліга, таму трэба быць гатовым да дыскусіі. Таксама ў парадку дня бягучая сытуацыя і Рыскі саміт», — паведамляе прэс-служба АГП.

«Эўранэст» — гэта міжпарлямэнцкая асамблея, створаная для збліжэньня з Эўразьвязам дзяржаў — удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства». Мяркуецца, што ў «Эўранэст» будуць уваходзіць 60 дэпутатаў Эўрапарлямэнту і 60 дэпутатаў з 6 краінаў — удзельніц «Усходняга партнэрства» (па 10 прадстаўнікоў ад кожнай краіны). Аднак 10 месцаў ад Беларусі на сёньня замарожаныя, паколькі беларускія парлямэнцкія выбары 2012 году (як, зрэшты, і папярэднія) не былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі.

Афіцыйны Менск настойвае на паўнавартасным удзеле беларускай парлямэнцкай дэлегацыі ў працы «Эўранэсту». У сваю чаргу, дэмакратычныя сілы мяркуюць, што Беларусь у Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» павінна быць прадстаўлена апазыцыяй.

18 сакавіка на пленарным паседжаньні «Эўранэсту» адбудзецца выступ беларускай дэлегацыі. Слова беларускай дэмакратычнай супольнасьці на пленарным паседжаньні «Эўранэсту» будзе дадзена ўпершыню.