Кітай рэкамэндуе вырашаць лёс Крыму на перамовах

Лі Кэцян

Прэм’ер Дзяржаўнай рады Кітая Лі Кэцян заявіў у нядзелю, што яго краіна падтрымлівае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, а пытаньне Крыму павінна вырашацца шляхам дыялёгу і перамоваў.

«У пытаньні Ўкраіны Кітай заняў аб’ектыўную і справядлівую пазыцыю. Мы паважаем незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі па завяршэньні штогадовай сэсіі Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, паведамляе ВВС.

Паводле слоў Лі Кэцяна, ўкраінскі крызіс «ускладніў геапалітычную сытуацыю ў сьвеце і нэгатыўна адбіўся на працэсе аднаўленьня сусьветнай эканомікі».

У той жа час кітайскі прэм’ер выказаў надзею, што гэтая сытуацыя ўсё ж «можа быць вырашана шляхам дыялёгу, перамоваў і кансультацыяў».

«Што тычыцца праблемы Крыму, прычыны яе ўзьнікненьня складаныя, — адзначыў Лі Кэцян. — Мы спадзяемся, што яна можа знайсьці палітычнае вырашэньне шляхам дыялёгу, і суседзі змогуць жыць у міры».

Расея анэксавала Крым год таму, у сакавіку 2014 году. Дзеяньні Масквы асудзіла міжнародная супольнасьць. Заходнія краіны ўвялі супраць Расеі санкцыі за анэксію Крыму.

Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць расейскія ўлады ў прадастаўленьні ваеннай дапамогі сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны і ў прамым удзеле ва ўзброеным канфлікце ў Данбасе. Масква адмаўляе гэтыя абвінавачваньні.