Ад беларускага боку ў перамовах прымаюць удзел прадстаўнікі двух міністэрстваў — замежных спраў і ўнутраных спраў, з боку Эўразьвязу — прадстаўнікі генэральнага дырэктарату па ўнутраных справах Эўракамісіі.
Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык. Ён адзначыў, што «беларускі бок спадзяецца дадаткова зблізіць пазыцыі нашай краіны і партнэраў з Эўразьвязу па праекце адпаведнага пагадненьня, узгадніць шэраг палажэньняў, якія раней выклікалі пытаньні».
Папярэднія раўнды кансультацыяў паміж прадстаўнікамі Беларусі і Эўразьвязу наконт спрашчэньня візавых фармальнасьцяў адбыліся ў чэрвені і лістападзе 2014 году. Зь неафіцыйных крыніцаў вядома, што бакі будуць спрабаваць вырашыць гэтае пытаньне яшчэ на адным, чацьвертым па ліку, раўндзе перамоваў з тым, каб падчас саміту «Ўсходняга партнэрства», які заплянаваны на 21-22 траўня ў Рызе, падпісаць адпаведныя дакумэнты.
Калі гэтае пагадненьне будзе падпісанае і пачне дзейнічаць, дык кошт шэнгенскай візы для беларусаў будзе зьменшаны з 60 да 35 эўра.