«Лепш цыцкі», чым «пэўная дыскрымінацыя»

Belarus - Not So merry pictures, poster

Агляд дыскусіі вакол прэс-рэлізу ПЭН-цэнтру.

Прэс-рэліз Беларускага ПЭН-цэнтру, у якім гаворыцца пра «пэўную дыскрымінацыю» расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў, выклікаў шырокую дыскусію ў сацыяльных сетках. Вось некалькі выказваньняў журналістаў і пісьменьнікаў — сяброў беларускага Пэн-цэнтру.

Аляксандар Фядута ў Фэйсбуку адзначыў, што, будучы расейскамоўным сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, ён ніколі не адчуваў ніякай дыскрымінацыі.

«Кіраўніцтва ПЭНу павінна папрасіць прабачэньня як перад нашымі беларускамоўнымі калегамі, так і перад намі: заява аб тым, што нас трэба абараняць па моўнай прыкмеце, здаецца мне зьняважліваю», — напісаў ён у сваім профілі.

Разам з тым ён заклікаў не разьдзімаць скандал і не драматызаваць сытуацыю. «Хай лепш мае правы абараняе Хадановіч, чым Пуцін з Чаргінцом. Эстэтычных рознагалосьсяў менш», — кажа ён.

Віктар Марціновіч адзначае, што калі 5 гадоў таму выйшла яго дэбютная расейскамоўная кніга, то ён паўсюль на поўным сур’ёзе казаў пра дыскрымінацыю расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў у Беларусі. Але потым пачаў «адкрываць унутры свайго сэрца прастору беларускай мовы».

«І высьветлілася, што дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі шырэйшая за дыскрымінацыю расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў, прычым гэта не дыскрымінацыя сыстэмай, гэта дыскрымінацыя памяцьцю. Дыскрымінацыя, што проста вядзе да зьнікненьня... Я адчуваў: мова, нацыянальная літаратура, — важнейшыя за творчы эгаізм. Нас хутка ня стане, пакуль вы бароніце расейскамоўных. Гэта мой хіба што адзіны аргумэнт», — напісаў Марціновіч у Фэйсбуку.

Альгерд Бахарэвіч напісаў у Фэйсбуку, што фармулёўка заявы ПЭН-цэнтру «выйшла мо і ня надта карэктная, але я ведаю такія прыклады „карэктнасьці“ зь іншага боку, што крытыкам ПЭНу лепш памаўчаць».

«Не лічу, што расейскамоўныя аўтары ў Беларусі зазнаюць нейкую дыскрымінацыю. Дыскрымінуюцца беларуская мова і літаратура — але ў асаблівы, эрбэшны спосаб. То бок пакуль беларускамоўнае не высоўваецца — можна ўсё. Як толькі зьяўляецца нешта яркае — асадзі назад. У расейскамоўных магчымасьцяў несувымерна больш і абмежаваньняў паводле яркасьці ў іх няма», — піша ён.

Бахарэвіч адзначае, што на сходзе ПЭНу тэма «дыскрымінацыі» не закраналася наагул, «таму відавочнае нечае жаданьне разьдзьмуць скандал на пустым месцы».

«Супраць сучаснай беларускай літаратуры распачатая вайна. Халодная. Яе вядуць параноікі, графаманы і нацысты. Збольшага беларускамоўныя, дарэчы. Заклікаю ўсіх прытомных людзей (іх мала, але вы ёсьць, я ведаю) — не дазваляйце сабой маніпуляваць. Калі вы разумныя людзі, вядома, а не натоўп. Сумнявайцеся, заўжды сумнявайцеся ў тым, што пішуць», — заклікае Бахарэвіч.

Глеб Лабадзенка лічыць, што ў тых, хто мяркуе, што ў Беларусі «дыскрымінуюцца» расейскамоўныя аўтары, няшмат здаровага розуму.

«Калі нехта мяркуе, што ў Беларусі дыскрымінуюцца расейскамоўныя аўтары, — то здаровага розуму там і праўда няшмат. Са свайго боку дадам. Ніколі не зраблю ніводнага руху для падтрымкі і папулярызацыі рускай мовы і рускай культуры ў Беларусі. Нават калі гэта подпіс пад бязглуздай заявай. Хопіць нам і так рускава міра», — напісаў ён у Фэйсбуку.

«Лепш ужо цыцкі» паказваць на сайце, чым абмяркоўваць тэму дыскрымінацыі, пра якую ў прэс-рэлізе памылкова напісана, але якой няма — так сьцьвярджае Марыя Мартысевіч у «Беларусским журнале». Яна таксама параўноўвае чытачоў, якіх цікавіць моўнае пытаньне, з эпілептыкамі і закідае карэспандэнту Радыё Свабода разьдзіманьне скандалу на роўным месцы. Аўтарка заклікае «лепш посьціць коцікаў».

Пры гэтым Мартысевіч падкрэсьлівае, што менавіта «дыскрымінацыі» расейскамоўных пісьменьнікаў у Беларусі няма. На яе думку, у рэлізе варта было б казаць проста пра роўныя ўмовы для расейскамоўных і беларускамоўных пісьменьнікаў на прэміі «Кніга году».

«Асабіста я лічу, што ў Беларусі існуе сур’ёзная дыскрымінацыя пісьменьнікаў незалежна ад мовы іх творчасьці. Гэтая дыскрымінацыя прыводзіць да маргіналізацыі літаратараў як клясу, да вымяшчэньня таленавітых аўтараў у іншыя сфэры дзейнасьці, да іх творчай эміграцыі. Адна з вострых праяваў такой дыскрымінацыі — уціск на прыватныя выдавецтвы і кнігарні, яна мае месца акурат цяпер, і мы — і руска-, і беларускамоўныя пісьменьнікі — аднолькава востра адчуваем гэты ўціск», — піша яна.

Сяргей Навумчык лічыць, што заявы пра «дыскрымінацыю» расейцаў могуць стаць нагодай для наступу на саму Беларусь:

«Тлумачу, „што такога страшнага“ ў словах прэс-рэлізу ПЭН-цэнтру пра „дыскрымінацыю“ расейскамоўных пісьменьнікаў. Ня болей страшнага, чым у пачатку 95-га ў лістах „Комитета за свободный выбор языка обучения“ пра „дискриминацию языка Пушкина и Толстого“, зь якіх фармальна і пачаўся лукашысцкі „рэфэрэндум“ аб інтэграцыі з Расеяй, зьмене сымболікі і скасаваньні беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Нарэшце, у нас пад бокам прыклад, як „великий и могучий“ ратавалі дэсантам спэцназу ГРУ (Крым) і танкавымі калёнамі (Данбас)».

Таксама з гэтай нагоды выказаліся на сайце Свабоды Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Алег Трусаў, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, Юлія Чарняўская, а таксама чытатчы ў камэнтарах.

http://www.svaboda.org/content/article/26889550.html http://www.svaboda.org/content/article/26888456.html http://www.svaboda.org/content/pen-center/26890335.html

Прадмет спрэчкі: у прэс-рэлізе агульнага сходу Беларускага ПЭН-цэнтру з нагоды прэміі «Кніга году» сказана: «Пазыцыя ПЭН-цэнтру, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не зьбіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадзтве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам. Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул ня маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за ўсё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтар зьвяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».