«Вядома, тое, што мы ўбачылі, ўзгадняецца з ілжывым падыходам, які мы ўжо бачылі, калі Расея адмаўляе ўмяшаньне на ўсходзе Ўкраіны», — адзначыла Сакі і дадала, што ЗША і міжнародная супольнасьць разам працуюць у падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
9 сакавіка тэлеканал «Расея-1» паказаў фрагмэнт дакумэнтальнага фільма «Крым. Шлях на Радзіму». У ім прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін распавядае пра тое, як ім прымалася рашэньне аб анэксіі ўкраінскага рэгіёну.
«Сытуацыя разгарнулася ва Ўкраіне такім чынам, што мы былі вымушаныя пачаць працу па вяртаньні Крыма ў склад Расеі, таму што мы ня можам кінуць гэтую тэрыторыю і людзей, якія там пражываюць, пад каток нацыяналістаў», — сказаў Пуцін.
У сакавіку 2014 года прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін адмаўляў, што яго краіна ўвяла войскі на тэрыторыю Крымскага паўвострава Ўкраіны. Паводле яго слоў, бясьпеку так званага «рэфэрэндуму аб далучэньні» Крыма да Расеі гарантавалі сілы мясцовай «самаабароны».