Лідэр Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 9 сакавіка падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне акцыі ў Дзень Волі — 25 сакавіка.
Апроч іх, заяўку таксама падпісалі Мікіта Семяненка з руху «За свабоду» і Мікалай Казлоў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, паведамляе прэсавая служба БХД.
Паводле заяўкі, 25 сакавіка а 17:00 заплянаваны збор удзельнікаў акцыі ля кінатэатру «Кастрычнік», а 18:00 — пачатак шэсьця ў бок плошчы Бангалор, дзе адбудзецца мітынг.
«Спадзяюся, што сёлета будзе шмат моладзі. Моладзь павінна памятаць нашых герояў, якія змагаліся за незалежнасьць нашай краіны, якую мы бязглузда страчваем», — адзначыла Марына Хоміч.