Расея, краіна, якая не адчувае стратаў

Lucy Kafanov

Люсі Кафанаў, аўтар «Расейскай прывіднай арміі ва Ўкраіне», распавяла ў інтэрвію Свабодзе пра матуль загіблых расейскіх салдат, пра іх магілы, сачэньне і прапаганду.

«Мне гэта падаецца калектыўнай шызафрэніяй. З аднаго боку, людзі здагадваюцца, што расейскія салдаты неяк удзельнічаюць у канфлікце, але зь іншага боку, яны вырасьлі на прапагандзе, якой іх корміць падкантрольнае дзяржаве тэлебачаньне, і гэтыя ўяўленьні цяжка пераадолець».

Люсі Кафанаў — амэрыканская журналістка, якая нарадзілася ў Маскве, дзіцем вывезеная ў Злучаныя Штаты, цяпер базуецца ў Турцыі — вярнулася ў Расею, каб зьняць для інфармацыйнага канала VICE news дакумэнтальны фільм пра расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць на ўсходзе Ўкраіны, дакладней, паспрабаваць знайсьці іх сьляды — Расея афіцыйна адмаўляе ўдзел сваіх вайскоўцаў у канфлікце, прынамсі, у складзе рэгулярных вайсковых падразьдзяленьняў.

Люсі Кафанаў, якая працавала на RT, цяпер супрацоўнічае з Cristian Science Monitor і «Аль-Джазіра», пазаштатны карэспандэнт VICE news, займалася гарачымі кропкамі ў Аўганістане, Пакістане, Емэне, Іраку, на Блізкім Усходзе, а для здымкаў «Расейскай прывіднай арміі ва Ўкраіне» у мінулую восень пабывала ў Пскове, Пецярбургу, Маскве, Самарскай вобласьці, Саратаве:

Наша задача была распавесьці гісторыі пра гэтыя сем’і, якія да гэтага часу ня ведаюць праўду

— Наша задача была — зразумець, што адбываецца. Былі рэпартажы пра магілы вайскоўцаў, пахаваных употай. Тыя, хто апублікаваў гэтую інфармацыю, атрымлівалі пагрозы, былі зьбіцьці. Мы хацелі паспрабаваць знайсьці сем’і, якія страцілі сыноў, мужоў, або знайсьці саміх салдат, якія былі параненыя, былі на мяжы і нават ва Ўкраіне, і даведацца ў іх, што здарылася. Наша задача была распавесьці гісторыі пра гэтыя сем’і, якія да гэтага часу ня ведаюць праўду, ня могуць атрымаць адказы ад дзяржавы, ад арміі, і вельмі пакутуюць праз гэта.

Люсі Кафанаў апісвае сваю сустрэчу з маці аднаго з загінулых салдат, Натальляй Андрыянавай, яе настрой, які ўвесь час зьмяняецца. Яна, з аднаго боку, хацела б, каб уся краіна ведала, што здарылася зь яе сынам, таму што ён памёр, але баіцца, што гэта пашкодзіць яе сям’і.

Апісваючы свае інтэрвію са сваякамі салдат, Люсі Кафанаў кажа, што ў гэтых сем’яў вельмі зьмешаныя пачуцьці. З аднаго боку, яны раззлаваныя гібельлю блізкіх, зь іншага боку, лічаць, што да іх павінны ставіцца як да герояў, якія загінулі, абараняючы сваю краіну. У выніку, кажа журналістка, гэтыя сем’і аказваюцца ўведзенымі ў зман, гэта несумленна, ня толькі іх блізкія загінулі, але няма і афіцыйных тлумачэньняў, і яны нават ня могуць як сьлед казаць пра гэта, выказаць сумневы ў афіцыйнай вэрсіі. Адна з маці сутыкнулася з тым, што ў яе невялікай вёсцы людзі на яе глядзелі дзіўна, яна адчувала нешта накшталт ціску з боку суседзяў — не пераводзіць усё ў палітыку:

— Важна яшчэ памятаць, што гэта небагатыя сем’і, што яны не зьяўляюцца палітычна актыўнымі, яны ня хочуць пратэставаць, яны проста хочуць ведаць праўду пра сьмерць, і каб да загінулых салдат добра паставіліся, а ня выкрасьлілі з памяці ва ўласнай дзяржаве, якая, на іх думку, выправіла іх ваяваць у іншую краіну на вайне, якую Расея нават афіцыйна не аб’яўляла.

Люсі Кафанаў кажа, што, хоць Крэмль адмаўляе ўдзел расейскіх войскаў у канфлікце, было сабрана мноства сьведчаньняў, якія ставяць пад сумнеў афіцыйную вэрсію. Гаворка ідзе пра падзеі жніўня 2014 году, калі ўкраінскія вайскоўцы вялі пасьпяховую кампанію супраць прарасейскіх сэпаратыстаў. Расея тады перакінула да ўкраінскай мяжы значныя вайсковыя сілы, заявіўшы, што праводзіць вучэньні. У выніку ўкраінскія вайскоўцы былі адкінутыя, а расейскія салдаты, адпраўленыя на мяжу на «манэўр», сталі вяртацца дадому памерлымі або параненымі:

— Як былі абстаўленыя гэтыя манэўры ў жніўні: у салдат забіралі мабільныя тэлефоны, каб яны не маглі нічога сказаць блізкім, ад іх не прыходзіла вестак, часам тыднямі, а потым нямала сем’яў атрымалі цела, «груз-200». Афіцыйна казалася, што яны загінулі падчас манэўраў. Але на целах — асколачныя раны, раненьні, атрыманыя на полі бою. Цяжка ўявіць, што такая прасунутая армія, як расейская, губляе дзясяткі, калі ня сотні салдат падчас вучэньняў. Іншая цікавая рэч — афіцыйныя паведамленьні аб гібелі, нам паказвалі такія. Там гаварылася, што салдаты загінулі ў пункце часовай ваеннай дысьлякацыі. Расейскія ваенныя дакумэнты вельмі падрабязныя, калі салдат паранены на нейкіх вучэньнях, звычайна апісваецца, які загад ён выконваў, дзе гэта адбывалася. Тут проста было сказана, што забіты ў пункце часовай ваеннай дысьлякацыі. Месца сьмерці невядомае. Гэта вельмі падазрона.

Прыгадваючы пра выпадкі пагрозаў і нападаў на іншых журналістаў, якія спрабавалі расьсьледаваць гібель расейскіх салдат, Люсі Кафанаў прызнаецца, што адчувала сябе няўтульна, хоць і не баялася за сваё жыцьцё:​

— Я як грамадзянка ЗША, як журналіст, які працуе на міжнародную арганізацыю, спадзявалася, што для мяне ня будзе такой вялікай пагрозы. Але калі б я была незалежнай расейскай журналісткай, я б, напэўна, значна больш баялася.

Кафанаў кажа, што ў яе і яе калегаў было адчуваньне сачэньня:

—У Маскве трошкі. У Пскове дакладна была нейкая машына, якая за намі ехала, але потым неяк зьнікла. Было некалькі выпадкаў, дзе альбо тая ж самая машына ехала за намі, альбо нейкія дзіўныя людзі падыходзілі. Мы працавалі зь мясцовым прадусарам, грамадзянінам Расеі. Я неяк ня так моцна заўважала, але ён гэта ўсё бачыў.

Кафанаў успамінае і пра пскоўскага дэпутата Льва Шлосбэрга, на якога быў зьдзейсьнены напад пасьля таго, як ён распавёў пра загінулых пскоўскіх дэсантнікаў, і пра тое, як журналістаў, якія спрабавалі зрабіць рэпартаж з могілак, атакавалі невядомыя маладыя людзі. «Мы нэрваваліся», — кажа журналістка. Яна сама, пры спробе ўзяць інтэрвію ў пецярбурскім вайсковым шпіталі, неадкладна выклікала цікавасьць уладаў:

Я баялася, што калі мы будзем зьвязвацца зь нейкімі сем’ямі, з нармальнымі сем’ямі, якія прайшлі праз жахлівую трагедыю, мы не хацелі, каб яны пацярпелі.

— Калі мы паехалі ў Піцер, некалькі крыніцаў казалі, што ў вайсковых шпіталях ў Піцеры была група салдат, якія былі параненыя ва Ўкраіне. Мы вырашылі паехаць у адну з гэтых бальніц. Мы хацелі проста падысьці і спытаць, узяць інтэрвію. Скажуць «не», дык не. Але калі мы пагрукалі ў дзьверы, вельмі дзіўныя рэчы здарыліся. Праз вакно паглядзеў салдат, выйшаў нейкі доктар, таксама паглядзеў праз вакно і пачаў тэлефанаваць па мабільным тэлефоне некуды, махаць рукой, каб мы сышлі. Ніхто ня выйшаў нават спытаць, хто мы. Там нейкая ўнутраная паніка была. Мы зразумелі, што нам ніхто ня будзе адчыняаць дзьверы, і падумалі — не атрымалася, пачалі сыходзіць. Як толькі мы пачалі пераходзіць вуліцу, каб сесьці назад у таксі, адзін малады чалавек пабег за намі і пачаў здымаць на свой мабільны тэлефон наша таксі і нас. Гэта было вельмі дзіўна, але мы ня моцна задумаліся пра гэта. Мы паехалі на іншыя здымкі — здымалі выгляд гораду, і правялі ў машыне часу значна больш, чым звычайна, некалькі гадзінаў. Калі мы пад’яжджалі да нашага гатэлю, кіроўцу патэлефанавалі. Паколькі ён вёў машыну, ён уключыў званок на гучную сувязь, а мы здымалі і камэра была ўключаная. І раптам мы чуем голас. Гэта быў чалавек з МУС, які назваў таксіста па імю, патлумачыў, як мы выглядаем, спытаўся ў яго пра жанчыну і мужчыну, якія здымалі відэа ў бальніцы, пытаўся, пра што мы казалі, што мы хацелі, хто мы былі, куды ён нас вёз. І ўсё на гэтым скончылася. Але пасьля гэтага мы вельмі моцна пачалі нэрвавацца. Мы ня ведалі, ці праслухоўваюць нашы тэлефоны, што гэта значыць, як гэта будзе ўплываць на наш фільм. Я не скажу, каб я вельмі баялася за сваё жыцьцё. Але я баялася, што калі мы будзем зьвязвацца зь нейкімі сем’ямі, з нармальнымі сем’ямі, якія прайшлі праз жахлівую трагедыю, мы не хацелі, каб яны пацярпелі. Мы больш за ўсё хваляваліся пра гэта.

Адказваючы на пытаньне, чаму гібель салдат не выклікае ні шырокага водгуку ў грамадзтва, ні нейкай адмысловай спагады сем’ям загінулых, Люсі Кафанаў кажа, што краіна не адчувае стратаў:

— Людзі б суперажывалі, калі б гэта абмяркоўвалася больш шырока, але пра гэта ня вельмі паведамляюць. Пакуль на дзяржканалах ня будзе гэтага, наўрад ці будзе рэакцыя... Нешта адбываецца, але яны проста ня хочуць задумвацца занадта шмат. Калі яны занадта задумаюцца аб рэальнасьці, гэта можа паставіць пад пагрозу само ўяўленьне пра Расею як стабільную краіну.

Кафанаў кажа пра калектыўнае нявер’е ў Расеі ў рэальнасьць таго, што адбываецца ва Ўкраіне, прыводзіць дадзеныя апытаньняў, згодна зь якімі толькі чвэрць людзей верыць, што расейскія войскі ваююць там, а тры чвэрці ня лічаць, што Расея нясе адказнасьць за кровапраліцьце:

Гэта стварае атмасфэру страху, з-за якой сем’і загінулых салдат баяцца дзейнічаць публічна, баяцца стварыць сабе праблемы.

— Гібель салдат ці ўдзел расейскіх салдат у канфлікце не асьвятляецца падкантрольнымі дзяржаве мэдыямі, адкуль большасьць расейцаў даведаюцца пра навіны, тэлебачаньне малюе кіеўскія ўлады фашысцкай хунтай, якая забівае рускамоўных. І ёсьць гэтыя вар’яцкія тэорыі змовы пра «пятую калёну», якая будзе пагражаць Расеі знутры. Гэта стварае атмасфэру страху, з-за якой сем’і загінулых салдат баяцца дзейнічаць публічна, баяцца стварыць сабе праблемы.

Кафанаў кажа і пра тое, як добра Крэмль счытвае грамадзкія настроі і як ён пры неабходнасьці ўносіць невялікія зьмены ў асьвятленьне ўкраінскіх падзеяў:

— Напачатку казалася, што расейскія салдаты або саветнікі не змагаюцца ва Ўкраіне. У верасьні пайшлі чуткі пра магілы расейскіх салдат, зьявіліся паведамленьні пра расейскіх дэсантнікаў, захопленых ва Ўкраіне, і расейскія мэдыі не маглі гэта цалкам ігнараваць. І новы наратыў быў: расейскія салдаты адпраўляюцца добраахвотнікамі. Гэта, вядома, абсурд. Выпраўляючыся ў адпачынак, расейскія салдаты запаўняюць рапарт камандаваньню, дзе паведамляюць, дзе зьбіраюцца быць. Каб пакінуць краіну, трэба атрымаць дазвол Міністэрства абароны і ФСБ. І расейскія законы не адрозьніваюць, адправіўся чалавек ваяваць за мяжу зь перакананьняў або за грошы, у любым выпадку ён з пункту гледжаньня закона — найміт, і гэта караецца турмой. Але ў адзін дзень тры дзяржаўныя каналы паказалі пахаваньне «расейскага добраахвотніка», забітага ва Ўкраіне, салдата, які, згодна з рэпартажам, не паведаміў камандаваньню, куды ён накіраваўся, але што ён зрабіў гэта з патрыятычнага абавязку. У гэтым быў сэнс гэтых рэпартажаў. Кожны раз, калі ўлады сутыкаюцца з падобнымі сьведчаньнямі, яны ўносяць невялікія папраўкі, якія неверагодна зацяняюць праўду, і людзям цяжка зразумець, што адбываецца.

Цалкам матэрыял чытайце на сайце расейскай службы нашага радыё.