«Будавалі камунізм — а атрымаўся крызыс», «Калі нашую ўладу пасадзіць у вар’ятню, то наш народ будзе жыць лепш усіх у сьвеце», «Хто хлусіць — той лепей усіх жыве. Але нядоўга». Такія, ды іншыя надпісы можна ўбачыць на плоце 63-гадовага берасьцейца. Ёсьць там і словы пра Аляксандра Лукашэнку.
Лукашэвіч — дысыдэнт са стажам. Яшчэ да пачатку перабудовы ён пісаў лісты-скаргі «на Захад». А ў 1984 годзе быў затрыманы ў Маскве каля амбасады Францыі. Кажа, што хацеў перадаць чарговы ліст у ААН. Пасьля затрыманьня Лукашэвіча зьмясьцілі ў савецкую вар’ятню.
Выйшаў ён адтуль толькі тады, калі ня стала Савецкага Саюзу.
Спадар Міхаіл зараз вельмі закрыты чалавек і не ідзе на кантакт з журналістамі. Сустрэцца з карэспандэнтам «Радыё Свабода» пагаджаецца не адразу, даводзіцца прыкласьці максымум «дыпляматычных» высілкаў.
Хата Міхаіла Лукашэвіча знаходзіцца ў Вычулках, колішняй вёсцы, якая стала часткай Берасьця. Побач — аўтобусны прыпынак. Цяпер у гэтым раёне шмат катэджаў бізнэсоўцаў ды чыноўнікаў.
Хаты Міхаіла амаль не бачна з-за больш як двухмэтровага плоту, на які прымацаваныя дошкі з надпісамі. У двары брэша вялікі непрывязаны сабака, таму ня дзіўна, што журналістам цяжка трапіць у госьці да гаспадара. Тэлефаную Міхаілу, ён выходзіць насустрач з брамы з кніжкай «Лісты на Свабоду»:
«Вось, нядаўна ад вашага радыё атрымаў, чытаю...»
Міхаіл адразу ладзіць экскурсію каля свайго плоту. Кажа, што не разумее, дзе тут паклёп на прэзыдэнта:
«Ну вось надпіс: „Рабілі зь мяне дурня, а самі абгадзіліся“. Ну разваліўся ж Савецкі Саюз? Абгадзіліся? Абгадзіліся! Далей: „70 год зьдзекаў уладаў. Розум, гонар, сумленьне, закон — гэта нашай уладзе супрацьпаказана“. Ну што тут не так? Я працаваў, Новалукомльскую ГРЭС будаваў, дзьве грыжы зарабіў... І што, зь мяне не пазьдзекаваліся? Далей — „Лукашэнка непасрэдна падначальваецца карнай псыхіятрычнай сыстэме камуністычнага рэжыму і ня можа выконваць свае непасрэдныя прэзыдэнцкія абавязкі“. І што ня так? Я зьвяртаўся да яго ў адміністрацыю, пісьмова зьвяртаўся. І мяне выгналі фактычна адтуль...» — тлумачыць Міхаіл надпісы на сваім плоце.
Суседзі да палітычнага блогу на плоце Лукашэвіча ставяцца неадназначна. Міхаіл распавёў, што аднойчы ад некага з суседзяў была скарга ў міліцыю, быццам у яго хаце наркотыкі ды зброя. Кажа, прыехалі міліцыянты, выбілі вокны, ладзілі вобшук... Нічога не знайшлі.
«Я ў савецкі час выступаў ня супраць камунізму, а за справядлівасьць... Я паважаю закон. Я за 63 гады ані ў выцьвярэзьніку, ані ў турме — нідзе не бываў. 15 сутак толькі меў за тое, што за жанчыну пабіўся быў... Пасьля затрыманьня каля францускай амбасады сядзеў у той жа вар’ятні, дзе Высоцкі... Я хачу, каб мне дазволіла ўлада жыць паводле закону, а не пхала на яго парушэньне,» — кажа Міхаіл.
Пасьля распаду Савецкага Саюзу жыцьцё Міхаіла Лукашэвіча не наладзілася. Спрабаваў рэабілітавацца, давесьці, што ён не вар’ят. Кажа, што пасьля адной зь няўдач і распачаў пісаць на плоце. Зь мінулым «вар’ята» Лукашэвічу цяжка было здабыць працу і доўга на ёй утрымацца.
У выніку, кажа Міхаіл, пакінуў спробы стала працаўладкавацца і пачаў перабівацца часовымі падпрацоўкамі.
«Мне ўсё забаранілі. Жыць забаранілі... За рулём яшчэ езьдзіў, але і гэта забаранілі. На свабодзе мне месца няма — мне або вар’ятня, або турма... Але я памру што так, што гэтак, у мяне хваробаў — і хранічных, і ўсялякіх...» — нярадасна апісвае Міхаіл Лукашэвіч свае пэрспэктывы.
Пытаюся, як сваякі ставяцца да ягонай сытуацыі.
«Сям’я мая — гэта сабака і я...»
У сьнежні 2014 года Сьледчы камітэт Берасьця распачаў супраць Міхаіла Лукашэвіча справу паводле ч.1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі — паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта. Сьледчыя пакуль не разгалошваюць дэталяў справы, бо прызначаны шэраг экспэртыз. Абвінавачаньне пакуль ня выстаўленае. Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей распавёў, што ў лютым Міхаіл Лукашэвіч на тры дні быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Дома ў Лукашэвіча адбыўся ператрус — забралі фарбы, і пэндзьлі, якімі мужчына быццам бы рабіў надпісы.
Паводле Ўладзімера Малея, Лукашэвічу найхутчэй прызначаць псыхіятрычную экспэртызу:
«Калі напішуць яму псыхічнае захворваньне, то ў сувязі з гэтым суд яго не прыцягне да крымінальнай адказнасьці. Могуць накіраваць на прымусовае лячэньне. А калі напішуць, што здаровы, то тады можа быць і лёгкае пакараньне — штраф. А можа быць і пазбаўленьне волі да 4 гадоў».