У Варшаве ў Міжнародны жаночы дзень ужо ў шаснаццаты раз прайшла традыцыйная «Манiфа», дэманстрацыя фэміністак, прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў і антыклерыкалаў.
Шумны і рознакаляровы паход, у якім прынялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек, прайшоў пад дэвізам «Мы ў сябе дома» і з патрабаваньнямі роўнасьці, вырашэньня праблем выплаты алімэнтаў, неўмяшаньня Каталіцкай царквы ў справы дзяржавы і жанчын.
«Я прыйшоў, таму што выступаю за роўнасьць паміж жанчынамі і мужчынамі. Хачу падтрымаць тых, хто змагаецца за правы жанчын — гэта актуальная ня толькі для Польшчы, але і для многіх краін сьвету праблема», - сказаў Радыё Свабода адзін з удзельнікаў дэманстрацыі, якая скончылася ля сьценаў польскага парлямэнту.
Акцыя праходзіць пад транспарантамі «Хопіць махінацый з алімэнтамі», «Біскуп гэта ня Бог», «Ясьлі замест зброі», «Патрабуем мэдыцыны замест ідэалёгіі».
«Маніфа» традыцыйна праходзіць пад аховай паліцыі для таго, каб не дапусьціць інцыдэнтаў з удзелам прадстаўнікоў ультраправых арганізацый і футбольных хуліганаў.