Расея вядзе інтэнсіўную гібрыдную вайну: Украіне супрацьстаяць да 130000 вайскоўцаў

Паводле аўтарытэтнага выданьня Jane’s Defence Weekly, якое спэцыялізуецца ў вайсковых пытаньнях, канцэптуальна наватарская гібрыдная вайна Расеі супраць Украіны «спрацоўвае», а Кіеў сутыкнуўся з супрацьстаяньнем амаль 100 тысячаў расейскіх рэгулярных войскаў у Данбасе, у Крыме і ўздоўж мяжы.

Акрамя гэтага, супраць Кіеву ваюе 30 тысяч узброеных сэпаратыстаў на Данбасе. Захад пакуль, на думку выданьня, не знайшоў адэкватнага адказу на гібрыдную вайну.

Паводле экспэртаў Jane’s Defence Weekly, цяпер на ўсходзе Ўкраіны знаходзіцца 14400 салдат рэгулярнай расейскай арміі, якія аказваюць падтрымку 29300 добра ўзброеных сэпаратыстаў. Гэта значыць, усяго ў Данбасе Ўкраіне супрацьстаяць 45000 узброеных людзей, якія маюць танкі апошняга пакаленьня, БТРы, БМП, плюс сотні адзінак артылерыі і ракетных установак.

Такім чынам агульная колькасьць расейскіх войскаў, якія наўпрост пагражаюць Украіне, складае 100 тысяч, а разам з сэпаратыстамі Данбасу — 130 тысяч.

У Крыме цяпер дысьлякаваныя 29800 расейскіх салдат, а яшчэ 55800 расейцаў сканцэнтравана ўздоўж расейска-ўкраінскай мяжы на тэрыторыі Расеі.

Такім чынам агульная колькасьць расейскіх войскаў, якія наўпрост пагражаюць Украіне, складае 100 тысяч, а разам з сэпаратыстамі Данбасу — 130 тысяч.

На думку выданьня, падобна на тое, што расейская гібрыдная вайна супраць Украіны дасягае сваёй мэты.

«Звычайна, вы або ў стане вайны зь нейкай краінай, або не. Або вы ў стане халоднай вайны, калі існуе напружаньне, але няма збройнага канфлікту. Гібрыдная вайна — гэта па сутнасьці вэрсія кіраванага хаосу. Вы дэстабілізуеце нейкую краіну знутры і ўжываеце эканамічны сабатаж і зьнішчаеце інфраструктуру, і гэта выклікае крах дзяржаўных інстытутаў. У гэты самы час вы пасылаеце ня толькі „пятую калёну“ ваяваць, але таксама і „маленькіх зялёных чалавечкаў“ і пярэчыце, што яны існуюць і што гэта вашы войскі» — адзначыў аўтар артыкулу Рубэн Джонсан у інтэрвію Радыё Свабода.

Выданьне прыводзіць зьвесткі па кампанэнтах гібрыднай вайны, частка зь якіх задзейнічаная моцна, частка — памяркоўна, некаторыя зь якіх маюць відавочны характар, а некаторыя — схаваны.

Такім чынам, да палітычных кампанэнтаў, якія дзейнічаюць мякка і схавана, адносяцца: захоп урадавых будынкаў і ключавых інфраструктурных аб’ектаў; сабатаж, забойства, тэрарызм; агітпрап і кампанія ў СМІ; стварэньне агентурнай сеткі.

На баевікоў-сэпаратыстаў ўскладаюцца заданьні ўтрыманьня кантраляваных тэрыторый, прыцягненьня «добраахвотнікаў», фармаваньня ядра бунтаўнікоў, зьнішчэньне ўрадавай інфраструктуры ў Данбасе, набор у свае шэрагі мясцовых жыхароў.

Інтэнсіўна і з элементамі яўнага, адкрытага характару праводзіцца інтэрвэнцыя, якая ўключае пагрозы і падрыхтоўку да ўварваньня, зьнішчэньне кропак супраціву суперніка; тылавое забесьпячэньне і падмацаваньне агнём, а таксама кібэрнэтычная агрэсія.

Чацьвёрты набор з арсэналу — запалохваньне устрыманьнем — і гэта ажыцьцяўляецца спэцыяльна адкрыта для выкліканьня страху. Сюды адносяць публічныя размовы пра сілу расейскага ядзернага арсэналу, парушэньне расейскай баявой авіяцыяй паветранай прасторы і наўмысная дэманстрацыя сілы, намёкі на магчымасьць далейшай эскаляцыі.

Выданне таксама піша пра актыўнае выкарыстаньне ў гібрыднай вайне сродкаў электроннай вайны — у прыватнасьці, як выглядае, магутных мікрахвалевых выпраменьвальнікаў, якія могуць ня толькі «глушыць» камунікацыі і выведвальныя сродкі ўкраінскіх сіл, але таксама здольныя абясшкоджваць бесьпілётнікі спэцыяльнай назіральнай місіі АБСЭ.

Праблема ў тым, адзначае выданьне, што сродкі электроннай вайны разьмяшчаюцца ў дзіцячых садках, шпіталях або жылых дамах, і ўкраінскія сілы такім чынам ня могуць нанесці па іх ўдар, баючыся ахвяр сярод цывільнага насельніцтва.

«Вайна супраць Украіны не зьяўляецца новай стратэгіяй для Масквы. Расейскі Генштаб рыхтаваўся да баявых аперацый украінскага тыпу з 1999 году» — піша Jane’s Defence Weekly.

Неад’емным складнікам гібрыднай вайны зьяўляецца інфармацыйная кампанія. Расейская інфармацыйная вайна ўключае бюджэтнае фінансаваньне тэлесеткі RT сумай 300 мільёнаў даляраў на год.

Таксама расейская дзяржава выдзяляе 100 мільёнаў даляраў штогод на фінансаваньне прарасейскіх няўрадавых арганізацый.

Наогул, на думку выданьня, украінская армія зьяўляецца сур’ёзна недаўкамплектаванай цэлым сьпісам абсталяваньня, у якім мае вялікую патрэбу. У прыватнасьці, размова ідзе пра бясьпечныя сыстэмы камунікацый, процітанкавую зброю з падвойнымі боегалоўкамі, радары, якія фіксуюць крыніцы варожага агню, бесьпілётнікі — як для выведвальных місій, так і здольныя наносіць ракетныя ўдары.

Таксама расейская дзяржава выдзяляе 100 мільёнаў даляраў штогод на фінансаваньне прарасейскіх няўрадавых арганізацый.

Украінскай арміі таксама не хапае здольнасьці зьбіраць і апрацоўваць шматканальную выведвальную інфармацыю і падаваць яе аб’яднанаму цэнтру камандаваньня і кантролю.

Выданьне таксама цытуе эўрапейскіх экспэртаў, якія кажуць, што Эўропа падзелена ў дачыненьні да ўкраінскага канфлікту і ёсьць неабходнасьць у моцным амэрыканскім лідэрстве ў НАТО, без чаго Паўночнаатлянтычны альянс ператворыцца ў «жывога трупа» — напісаў Рубэн Джонсан.​