Выступ Міхаіла Хвастова слухаў ягоны апанэнт, былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Пазьней старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» падзяліўся са Свабодай сваімі ўражаньнямі на гэты конт.
Спадар Бяляцкі сам учора выступіў на сэсіі Рады па правах чалавека ААН у Жэнэве. На сэсіі РПЧ было ўсяго чатыры кароткія выступы ад прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, таму ён вырашыў зрабіць у сваёй прамове больш агульны пасыл.
«Фактычна я гаварыў ад імя ўсіх праваабаронцаў сьвету, таму выступ закранаў тыя найбольш вострыя пытаньні, якія тычацца ўсяго праваабарончага руху і праблемаў праваабаронцаў у найбольш складаных краінах, у найбольш драматычных сытуацыях. Тым ня менш я ўзгадаў сытуацыю з правамі чалавека і ў Беларусі, і ў Расеі. Асноўны пасыл быў такі, што Рада па правах чалавека павінна прыкладаць усе магчымыя намаганьні, каб адстойваць магчымасьць для праваабаронцаў выконваць свае функцыі, бараніць правы чалавека ў самых розных краінах сьвету», — распавёў Алесь Бяляцкі.
Як заўважыў праваабаронца, у сваіх выступах амбасадар Міхаіл Хвастоў і іншыя прадстаўнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі выказвалі жаль, што і ў Радзе па правах чалавека нібыта існуе штучны падзел краін:
Пад гэтымі словамі яўна чыталася занепакоенасьць беларускай дэлегацыі наяўнасьцю такой пасады, як спэцдакладчык па Беларусі.
«Пад гэтымі словамі яўна чыталася занепакоенасьць беларускай дэлегацыі наяўнасьцю такой пасады, як спэцдакладчык па Беларусі. Яны пасьлядоўна (і ў кулюарах, і ў двухбаковых перамовах, і адкрыта) выступаюць супраць гэтай пасады», — адзначае ён.
У траўні ў Радзе па правах чалавека ААН будзе вырашацца пытаньне аб пралангацыі тэрміну працы спэцдакладчыка па Беларусі Міклаша Харасьці і ягоных паўнамоцтваў. Як лічыць Алесь Бяляцкі, пакуль няма падставаў казаць, што пасада спэцдакладчыка будзе скасаваная.
«Пакуль рана рабіць прагнозы, але з тых перамоў, якія праводзілі мы на працягу гэтых трох дзён, відаць, што адносіны большасьці краін-сяброў Рады па правах чалавека да сытуацыі ў Беларусі не зьмяніліся — яны расцэньваюць яе дастаткова крытычна», — кажа былы палітвязень.
Праваабаронцы і прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі беларускіх уладаў бачыліся, але паміж сабой не кантактавалі, і гэта ўжо традыцыя, адзначае Бяляцкі.
Яны прынцыпова не заўважаюць „Вясну“, і ня толькі мяне, але і іншых вясноўцаў, якія прымаюць удзел у розных міжнародных канфэрэнцыях.
«Яны прынцыпова не заўважаюць „Вясну“, і ня толькі мяне, але і іншых вясноўцаў, якія прымаюць удзел у розных міжнародных канфэрэнцыях. І ААН тут не выключэньне. Такіх кантактаў зь іхняга боку, на жаль няма. Але мы заўсёды адкрытыя і гатовы дыскутаваць па любых пытаньнях», — падкрэсьліў ён.
Сёньня беларускі праваабаронца мае ўзяць удзел яшчэ ў двух мерапрыемствах: супольным брыфінгу прадстаўнікоў Расеі, Беларусі і Азэрбайджану, а таксама брыфінгу, які прысьвечаны выключна правам чалавека ў Беларусі.