Аўтаперагоншчыкі: «Гэта ўжо больш чым звычка — сапраўдны наркотык»

Канец аўтамабільнай казкі ў Беларусі. «За двухлітровую машыну трэба было заплаціць 800 эўра растаможкі, — узгадвае Аляксандар. — Пасьля 2011 году — 5000 эўра».

Нават застаўшыся бяз працы, некаторыя беларускія перагоншчыкі бяз дай прычыны езьдзяць у Нямеччыну і Галяндыю. «Гэта ўжо больш чым звычка — сапраўдны наркотык», — тлумачаць яны.

Гарэлка «Smirnoff» у якасьці хабару, польскія паліцыянты і рэкет, «мэрсэдэс» коштам у дом... Пакуль Беларуская асацыяцыя аўтамабілістаў уголас кажа, што ўлады паставілі легальны аўтамабільны бізнэс на мяжу выжываньня, Радыё Свабода паслухала расповеды старых перагоншчыкаў пра тое, як яны жылі ў часы «шалёных» прыбыткаў.

«Сёньня нармальна працаваць — сабе на страту»

«Цяпер у мяне восем машынаў стаіць непрададзеных, — расказвае перагоншчык Аляксандар са Слоніма. — Працаваць сабе на страту — гэта сёньня нармальна. Калі прадаеш у мінус тысячу — лічы, зарабіў тры тысячы па старых мерках. А калі прадасі, за што купіў, — гэта проста сарваць куш».

Прыйшоўшы ў аўтабізнэс у 2002 годзе, Аляксандар засьпеў «добрыя часы», калі ў беларусаў зьявіліся грошы, а ў Польшчы зьнік рэкет.

«Да 2011 году ўсё цудоўна было. А калі ў нас увялі расейскае рабаўнічае мыта, жыць стала проста невыносна. А цяпер яшчэ й заробкі так упалі, што машын увогуле ніхто не купляе».

«Гэта такі моцны наркотык — перапродаж машын. Але я нават карцінкі стараюся не глядзець».

Пасьля навагодняга аўтабуму, калі ўсе, хто хацеў, панабывалі танныя расейскія машыны, ахвочых купляць аўтамабілі ўвогуле не засталося. Асабліва ў малых гарадах, як Слонім, — кажа Аляксандар.

«Я ж мяркую па сваіх сябрах. Ні ў кога заробак не расьце. Толькі кошты ў крамах цяпер растуць. Хто ж тады будзе думаць пра куплю машыны?»

Дачакаўшыся вайсковай пэнсіі, ён вырашыў зусім сысьці зь бізнэсу. Цяпер змагаецца са спакусай заходзіць на сайты нямецкіх і галяндзкіх аўтахаўсаў.

«Гэта такі моцны наркотык — перапродаж машын. Але я нават карцінкі стараюся не глядзець».

На шляху да посьпеху стаялі толькі польскія міліцыянты і мытнікі

Зусім іншы быў у яго настрой у 2002 годзе — на пачатку беларускай стабільнасьці, калі курс беларускага рубля (у гэта сёньня цяжка паверыць) не зьмяняўся шэсьць гадоў запар. Тады Аляксандар вырашыў звольніцца з войска і заняцца перагонам машын.

Час бітых аўто зь Літвы і Польшчы, скрадзеных у Нямеччыне, ужо скончыўся, у беларусаў былі грошы, а мыта было мінімальнае.

«За двухлітровую машыну трэба было заплаціць 800 эўра растаможкі, — узгадвае Аляксандар. — Пасьля 2011 году — 5000 эўра».

Памятаючы нямецкую мову зь вясковай школы і меўшы моўную практыку падчас службы ва Ўсходняй Нямеччыне, Аляксандар хутка зарыентаваўся на нямецкім і галяндзкім рынках.

«Да ўступленьня ў Эўразьвяз яны былі галоўнымі бандытамі. І грошы „аджымалі“, і машыны».

«Там так проста ўсе дакумэнты аформіць, — усклікае былы гоншчык. — У шапіку, як наш „Белсаюздрук“, можна атрымаць і часовыя нумары, і страхоўку аплаціць. Усё для людзей».

Адзіная перашкода, якая была на шляху да Беларусі — польскія паліцыянты і мытнікі. Да пачатку 2000-х рэкет ужо зьнік, аднак інакш як рэкецірамі польскіх паліцыянтаў Аляксандар не называе.

«Да ўступленьня ў Эўразьвяз яны былі галоўнымі бандытамі. І грошы „аджымалі“, і машыны».

У Эўропе мы — людзі, у Расеі — быдла

Яшчэ болей Аляксандар стаў шанаваць Эўропу пасьля 2011 году, калі яму давялося езьдзіць па машыны ў Расею. І справа ня толькі ва ўзроўні жыцьця. Стаўленьне да беларусаў, кажа ён, у Эўропе нашмат лепшае, чым у братэрскай краіне.

«Да нас у Эўропе цудоўна ўсе ставяцца. Мы там — свае. А ў Расеі на мяне глядзяць як на быдла, як на халопа. І прадаўцы, і мянты іхнія. Ні разу нармальнага не сустрэў».

Таксама ў Расеі, у адрозьненьне ад Нямеччыны і Галяндыі, большая імавернасьць, што цябе ашукаюць. Купляючы машыну, самому трэба правяраць, ці яна ня лічыцца ва ўгоне, ці няма ў яе двайніка (калі на кузаў крадзенай машыны перабіваюць нумары іншай), ці за яе сплачаныя ўсе штрафы. Яшчэ варта зьвяртацца ў банк, каб даведацца, ці не стаіць яна пад закладам.

«А ўсё таму, што Пуцін ня хоча нічога рабіць. Там усё настолькі прадажна, ня могуць ніяк з карупцыяй справіцца. Як гэта па-культурнаму сказаць: падмані бліжняга свайго, ці ён цябе падмане. Вось на такім прынцыпе ў іх будуецца бізнэс».

Праз такую заблытаную сыстэму праверкі і адсутнасьць агульнай базы дадзеных многія беларусы страцілі свае купленыя ў Расеі аўтамабілі.

«Колькі ўжо было канфіскавана машын толькі за пару месяцаў!»

Прыбіраю свой дом, як галяндцы

Эўрапейская культура, празрыстасьць і адкрытасьць бізнэсу — прынамсі праз гоншчыкаў гэтыя рысы зьяўляюцца і ў Беларусі, лічыць Аляксандар. Бачыўшы прыбраныя галяндзкія гарады, цяпер яшчэ з большай стараннасьцю ён даглядае свой дом.

«Чым таньнейшыя старыя машыны, тым больш разьвітае грамадзтва. Дзе самыя танныя машыны — у Заходняй Эўропе і Японіі. Вось вам і адказ».

«Вы адразу пазнаеце хату маіх бацькоў у вёсцы. А як па-іншаму можна трымаць свой участак, калі ты бачыш, як цывілізаваныя людзі жывуць?»

Па яго словах, аўтамабільны бізнэс паказвае разьвіцьцё эканомікі і грамадзтва ўвогуле. Калі людзі старыя машыны здаюць на мэталалом, а новыя набываюць у крэдыт пад малы працэнт — гэта сьведчыць пра высокі ўзровень разьвіцьця. Калі ж свае старыя машыны людзі нават ня хочуць танна прадаваць, значыць, з эканомікай ня ўсё ў парадку.

«Чым таньнейшыя старыя машыны, тым больш разьвітае грамадзтва. Дзе самыя танныя машыны — у Заходняй Эўропе і Японіі. Вось вам і адказ».

Мяняю машыну на дом з даплатай

Іншыя часы засьпеў былы гоншчык Сяргей Іванавіч. Таксама вайсковец у адстаўцы, ён назіраў зараджэньне аўтамабільнага рынку ў ГДР у канцы 1980-х гадоў. Як і ў Савецкім Саюзе, ва Ўсходняй Нямеччыне да 1989 году аўтамабіль можна было купіць толькі праз чаргу. Нічога, акрамя ўсходненямецкіх «Трабантаў», чэскіх «Шкодаў», румынскіх «Дачаў», а галоўным чынам — савецкіх «Жыгулёў», «Масквічоў» і «Волгаў», па вуліцах нямецкіх гарадоў ня езьдзіла.

Без машын прыяжджалі служыць і савецкія вайскоўцы, якім закон дазваляў карыстацца толькі службовым аўто. Аднак пасьля разбурэньня Бэрлінскай сьцяны ў 1989 годзе пачалася новая эпоха — дзікага рынку. З адкрыцьцём межаў паміж дзьвюма Нямеччынамі ва ўсходненямецкіх гарадах пачалі масава арганізоўвацца аўтамабільныя базары. Усьлед за гэтым Міністэрства абароны СССР выпускае загад, згодна зь якім вайскоўцы ў год замены, то бок вяртаньня ў Савецкі Саюз, атрымліваюць права прыгнаць адзін аўтамабіль.

Літаральна за год сытуацыя зьмянілася да непазнавальнасьці. Калі раней «Волга» каштавала 20 тысяч усходніх марак, то ў 1990-м годзе за 10 тысяч ужо можна было набыць «Мэрсэдэс» 1988 году. Машыны патаньнелі прынамсі ў пяць разоў, а заробкі вайскоўцам захавалі на старым узроўні. Напрыклад, Сяргей Іванавіч, на той час старшы лейтэнант, атрымліваў 900 марак на месяц.

Тады пачаліся масавыя перагоны машын у Савецкі Саюз, дзе яны каштавалі даражэй за жыльлё. Аднаму таварышу па службе ў Туле за ягоны 190-ты «Мэрсэдэс» прапаноўвалі дом у Туле і 2-гадовую «дзявятку». Іншы калега памяняў «Форд Таўрус» 1985 году на дом у Закарпацьці.

«Але многія не пагаджаліся на такія абмены, — кажа Сяргей Іванавіч. — Машыны тады шанаваліся даражэй за ўсё».

Рэкеціры-землякі

А потым пачаліся дзікія 1990-я. Прычым дзічэйшымі, чым у Беларусі, яны былі ў Польшчы. Польскі рэкет быў добра арганізаваны, і справіцца зь ім ніхто ня мог. А паліцыя ня тое што не дапякала бандытам, паліцыянты самі былі ня лепшыя за іх.

«Праехаць, не заплаціўшы рэкецірам і паліцыянтам, было вялікай удачай», — кажа Сяргей Іванавіч.

Ён прыгадвае гісторыю, як, едучы па машыну ў Нямеччыну, яны зь сябрам прыпыніліся пераначаваць на запраўцы ў заходняй Польшчы. Не пасьпелі заснуць, як да іх падышоў бандыт, патрабуючы грошай. Атрымаўшы 20 даляраў, ён выпісаў беларусам квіток.

«Я яму паказаў свой квіток, і бандыт мяне не чапаў. А тых, хто не хацеў плаціць, маглі зьбіць, разьбіць ці нават перакуліць машыну».

А калі стаялі ў 5-кілямэтровай чарзе на польскім баку мяжы, ужо іншыя рэкеціры ў адкрытую падыходзілі да кожнай машыны, пытаючы грошы «за праезд».

«Я яму паказаў свой квіток, і бандыт мяне не чапаў. А тых, хто не хацеў плаціць, маглі зьбіць, разьбіць ці нават перакуліць машыну».

Потым высьветлілася самае цікавае: па выдадзеным квітку Сяргей Іванавіч даведаўся, што рабаўнікі з заходняй Польшчы аказаліся ягонымі гарадзенскімі землякамі — з Ваўкавыску.

Канец аўтамабільнай казкі

З гоншчыкаў, якія ехалі на дарагіх машынах, патрабавалі, адпаведна, і вялікіх грошай. І многія за свае машыны заплацілі жыцьцём.

«Гэта было вельмі небясьпечна — гнаць дарагую машыну. Да цябе маглі прычапіцца і рэкеціры, і паліцыянты».

Так, аднаго разу сябра Сяргея Іванавіча, зьбіўшыся з дарогі, заехаў у Варшаву. А варшаўскія паліцыянты тады былі вядомыя як самыя жорсткія. Таго сябра не адпускалі, пакуль ён не заплаціў паліцыянтам 500 даляраў — шалёныя грошы на той час.

«А колькі было выпадкаў, калі і самі паліцыянты адбіралі машыны. Таму шукаць у іх ратунку ад рэкету не было ніякага сэнсу — гэта быў той самы рэкет, але ў форме».

Сяргей Палудзень

У новых беларускіх рэаліях, аднак, усе гэтыя гісторыі гучаць як сапраўдныя казкі. Празь непрадуманую дзяржаўную палітыку імпартам аўтамабіляў у нашу краіну ўжо нявыгадна займацца ні індывідуальным прадпрымальнікам, ні буйным аўтадылерам. Як паведамляў на прэс-канфэрэнцыі Сяргей Палудзень, намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту, за люты 2014 году ў Беларусь было ўвезена 48 тысяч аўтамабіляў. Гэта больш, чым за ўсе 11 месяцаў.

Пра тое, што паступленьне танных аўтамабіляў з Расеі — зусім ня добрая для эканомікі краіны зьява, кажуць у Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА). Ад імя асацыяцыі ва ўрад накіраваны ліст, дзе тлумачацца нэгатыўныя наступствы ад неабдуманых дзеяньняў уладаў. Размова ідзе пра магчымае спыненьне дзейнасьці афіцыйных імпартэраў увогуле. Менавіта яны, як і індывідуальныя прадпрымальнікі, прыносілі грошы ў дзяржаўны бюджэт. Ці змогуць зьвярнуць на сябе ўвагу аўтадылеры, напісаўшы ва ўрад, — адкрытае пытаньне. Але нават калі нешта на карысьць бізнэсоўцаў і будзе зьменена, «шалёных» грошай, як калісьці, ужо ніхто не чакае.