Пра гэта ў блогу на сайце Grani. ru напісаў чалец праўленьня міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Аляксандр Каліх.
«Цяпер „Перм-36“ — гэта музэй, у якім расказваецца пра цяжкую і высакародную працу доблесных супрацоўнікаў ГУЛагу, аб тым, якія тэхналёгіі ўжываліся, каб агарадзіць вялікі народ ад пятай калёны і розных нацыстаў з Украіны,» — піша ён.
Музэй гісторыі палітычных рэпрэсій «Перм-36» быў створаны ў 1992 годзе ў Пермскім краі на тэрыторыі былой калёніі. Гэта адзіны захаваны ў Расеі комплекс сталінскага ГУЛагу. Экспанаты музэю належалі аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі (АНА) «Перм-36», а сам музэйны комплекс і зямля належаць дзяржаве.
У 2012 годзе АНА «Перм-36» фактычна адхілілі ад удзелу ў працы музэю. Перамовы з уладамі не далі ніякага выніку, у сувязі з чым арганізацыя абвясьціла аб самаліквідацыі.
Віктар Шмыраў, былы дырэктар АНА «Перм-36», выказаў думку, што музэй захаваецца, але будзе цалкам зьменены. «Цяпер гэта музэй пра лягерную сыстэму, а не пра палітзьняволеных. Ён не распавядае пра рэпрэсіі або пра Сталіна,» — цытуе Шмырава Бі-Бі-Сі.
Шмыраў лічыць, што зьмены адбываюцца па палітычных прычынах. «Мы ўжо назіраем стварэньне дзяржавы сталінскага тыпу — вялікая ўлада засяроджаная ў руках аднаго чалавека», — сказаў Шмыраў.