Прафэсар Анатоль Федарук паставіў перад сабой грандыёзную мэту — дасьледаваць усе былыя маёнткі Беларусі. І мэта гэтая на дзьве траціны ўжо дасягнутая. Пачаў дасьледчык зь Меншчыны, прадоўжыў працу на Берасьцейшчыне, а нядаўна выйшлі ў сьвет «Старадаўнія сядзібы Гарадзеншчыны». Сёньня аўтар — госьцем перадачы.
— Спадар Анатоль, сэрыя «Старадаўнія сядзібы Беларусі» была распачатая ў 2000 годзе, калі выйшла ваша дасьледаваньне па Меншчыне. Потым была Берасьцейшчына, і вось выйшаў першы том па Гарадзеншчыне. У якой з гэтых трох абласьцей захавалася найбольш помнікаў сядзібнай культуры?
— Адназначна — на Гарадзеншчыне. Працаваць над гэтай тэмай я пачаў з той зямлі, якая была бліжэй да мяне, — зь Менскай вобласьці. Потым перайшоў да Берасьцейшчыны, бо гэта — мая радзіма. Там мне было лягчэй кудысьці даехаць, пабачыць, сваякі вазілі мяне, паказвалі. А займеўшы досьвед, я ўзяўся за Гарадзеншчыну. Гэта асаблівая зямля, на якой тварыў Адам Міцкевіч, якую зафатаграфаваў Ян Булгак, дзе жыў цэлы шэраг знакамітых людзей. Па колькасьці сядзібаў Гарадзеншчына — самы багаты рэгіён. У першым томе я апісваю каля 600 сядзібаў зь сямі раёнаў. У астатніх дзевяці набіраецца амаль столькі ж. Так што толькі на Гарадзеншчыне мною апісана каля 1200 сядзібаў. І ступень іх захаваньня там найлепшая ў параўнаньні з другімі абласьцямі.
— Аб’ехаць за некалькі гадоў усю Гарадзеншчыну і апісаць 1200 сядзібаў — гэта велізарная праца. Фактычна, палова Беларусі вамі ўжо ахопленая. Як вам удаецца працаваць у такім тэмпе?
— Па адукацыі я біёляг, а значыць — палявік. Уся мая творчая і навуковая праца заўсёды была зьвязаная з полем. Цяга да вандровак дае мне сілы, нясе мяне. Істотна і тое, што я працую з аб’ектамі асаблівай значнасьці, са знакамітымі культурнымі цэнтрамі, якімі была пакрытая ўся Беларусь. Гісторыя сядзібаў, гісторыя шляхты, асаблівага саслоўя, якое шмат у чым было рухавіком гісторыі, — усё гэта падсілкоўвае мяне. Вядома, прыемна пабываць там, дзе нешта захавалася, але ўсё ж часьцей даводзіцца з жалем і болем глядзець на разбураныя сядзібы, ад якіх засталіся толькі падмуркі, дрэвы, вадаёмы, фрагмэнты алеяў. Але калі ведаеш гісторыю сядзібы, яе былых уладальнікаў, то яна нібы ажывае перад табой.
— А што вас найбольш цікавіць у гісторыі беларускай шляхты?
Нярэдка было так: у 1794 годзе ў паўстанцы ішоў дзед, у 1831-м — яго сын, а ў 1863-м — унук.
— Гэта былі асаблівыя людзі. Удзельнічаючы ў паўстаньнях, яны страчвалі маёнткі, але ўсё ж ішлі змагацца за незалежнасьць свайго краю. Яны перажылі вельмі цяжкія гады выгнаньня, высылак, многія там і паміралі. А тыя, каму пашчасьціла вярнуцца, стараліся аднавіць занядбаныя маёнткі. Я падрабязна цікаўлюся лёсам шляхцічаў, якія бралі ўдзел у паўстаньнях. Нярэдка было так: у 1794 годзе ў паўстанцы ішоў дзед, у 1831-м — яго сын, а ў 1863-м — унук. Я прыгадваю невялікую сядзібу Аляны, ад якой мала што засталося. Яе ўладальнік адбываў пакараньне недзе за Ўралам і пакляўся, калі выжыве і вернецца на радзіму, то ў падзяку Богу пабудуе капліцу. Вярнуўся і пабудаваў. Як без хваляваньня падысьці да гэтай капліцы, якая захавалася да нашых дзён?
— У паўстанцаў расейскія ўлады сканфіскоўвалі маёнткі. Я трохі займаўся гісторыяй сапегаўскага мястэчка Дзярэчын, зь якога пасьля канфіскацыі было вывезена больш за 150 падводаў каштоўнасьцяў. Ці шмат было падобных выпадкаў?
— Дзярэчын — месца асаблівае, яго некалі называлі «малым Вэрсалем». Там былі надзвычай каштоўныя зборы Сапегаў, пра гэта ўся Эўропа ведае. Так, усе багацьці адтуль павывозілі ў Расею. Сам цар адбіраў, што ў Эрмітаж, што яшчэ куды, што прадаць, а што папросту зьнішчыць. Зьнішчаліся найперш партрэты патрыётаў Краю, цар не хацеў, каб памяць пра іх зьбераглася. Падобныя рабункі адбываліся ў многіх сядзібах, хіба больш мясцовымі сіламі, не на такім высокім узроўні. Пры канфіскацыях рабілася падрабязнае апісаньне сядзібаў, і гэта дапамагае сёньня працаваць. Калі канфіскавалі Варацэвічы, сядзібу Напалеона Орды, то апісалі ўсё, нават кашулі ягонай маці. І калі пачаліся работы па аднаўленьні, то гэтыя архіўныя матэрыялы, вельмі падрабязныя, дазволілі мне зрабіць схему, як сядзіба выглядала зь сярэдзіны.
— Цяпер ацалелыя сядзібы прадаюцца прыватнікам. Гэта ўратуе нашу сядзібную культуру?
— Яшчэ дзесяць гадоў таму я думаў, што займаюся сядзібамі, якія дажываюць свой век і нікому непатрэбныя. Але ў апошні час усё зьмянілася. Усе лепшыя сядзібы купляюцца, людзі не шкадуюць грошай на іх аднаўленьне. Да мяне часта зьвяртаюцца, і я падказваю, дзе што засталося. Прычым, калі гадоў пяць таму сядзіба за сто кілямэтраў ад Менску лічылася далекаватай, то сёньня і за дзьвесьце — блізка. Вельмі часта я еду як першы экскурсавод, расказваю пра веліч і хараство, нават калі перад намі руіны. Цікавая гісторыя з сядзібай Наднёман, якая належала знакамітаму Якубу Наркевічу-Ёдку. Ён быў добрым скрыпачом, лячыў хворых, ставіў маланкаадводы, меў фізычную і хімічную лябараторыі. Працаваў у цішыні, а потым ехаў у Парыж, Варшаву ці Бэрлін і рабіў там навуковыя даклады. І вось Наднёман тры гады таму набыў адзін прафэсар з ЗША родам зь Беларусі. Ён проста замучыў мяне пытаньнямі: якія былі інтэр’еры, як выглядаў парк? Яму ўсё хочацца зрабіць так, як было пры былым знакамітым гаспадары. Прафэсар ужо адрамантаваў браму, дзьве вартоўні. Я паказваю, дзе былі алеі, а ён сам сьпілуе дрэва і радуецца, што адкрылася пэрспэктыва. Але аднавіць сядзібу вельмі цяжка.
— У сядзібе ў Падароску на Ваўкавышчыне бізнэсовец і мэцэнат Павал Бераговіч зьбіраецца стварыць Музэй беларускай шляхты. Як вы лічыце, ці будзе такі музэй запатрабаваны?
Я ведаю Бераговіча і ўпэўнены, што Музэй шляхты зьявіцца.
— Перакананы, што будзе. Я ведаю Бераговіча і ўпэўнены, што Музэй шляхты зьявіцца. Увогуле беларусы апошнім часам пацягнуліся да сядзібнай культуры. У інтэрнэце вельмі папулярныя сайты, дзе публікуюцца архіўныя здымкі культавых збудаваньняў і сядзібаў. Я нядаўна сустракаўся з новым уладальнікам сядзібы Стайкі ў Вілейскім раёне. Калі мы там пабылі, ён прапанаваў праехацца па суседніх сядзібах. І мы да самага вечара праезьдзілі, не зважаючы на холад, я бачыў у яго вачах цікавасьць да беларускай мінуўшчыны. А днямі я зайшоў кнігарню, і мне сказалі, што «Старадаўнія сядзібы Гарадзеншчыны» добра разыходзяцца. Гэта таксама паказчык цікавасьці да гэтай тэмы.
— Чытаючы вашы кнігі, нібы на машыне часу трапляеш у мінулыя стагоддзі. Тэксты, унікальныя ілюстрацыя — не адарвацца. Але чаму ўся сэрыя выходзіць на расейскай мове?
— Першую кнігу пра сядзібы Меншчыны я напісаў па-беларуску. Але выдавец (кніга выйшла ў выдавецтве «Полифакт» Яўгена Будзінаса — М.С.) сказаў: «Па-беларуску ня пойдзе. Давайце па-расейску — больш будзе чытачоў». Мне хацелася, каб кніга выйшла, таму я не спрачаўся. І ўжо другую і трэцюю кнігі пісаў адразу па-расейску. Я хацеў бы перавыдаць усю сэрыю па-беларуску, але гэта, мабыць, яшчэ цяжэй, чым аднавіць сядзібы.