Новая праграма Беларусі з Міжнародным валютным фондам гатовая, заявілі беларускія ўлады.
Пра гэта паведаміў сёньня журналістам першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, піша БелТА.
«Новая праграма гатовая. Мы гатовыя да яе абмеркаваньню і спадзяемся, што ў досыць кароткі тэрмін зможам узгадніць асноўныя пазыцыі з МВФ з пункту гледжаньня магчымасьці пачатку яе рэалізацыі», — сказаў Максім Ермаловіч.
Місія МВФ пад кіраўніцтвам Дэвіда Гофмана будзе працаваць у Менску з 5 па 16 сакавіка. Заплянаваныя сустрэчы экспэртаў МВФ у адміністрацыі прэзыдэнта, Нацбанку і Міністэрстве эканомікі. Гэтая штогадовая місія правядзе кансультацыі ў рамках чацьвёртага артыкула, гэта значыць — будзе займацца штогадовым аглядам разьвіцьця эканомікі Беларусі.