Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін запатрабаваў ад праваахоўных органаў пазбавіць Расею ад ганьбы і трагедый — забойстваў на палітычнай глебе.
Пра гэта расейскі прэзыдэнт заявіў падчас выступу на калегіі МУС.
«Самую сур’ёзную ўвагу трэба надаць рэзанансным злачынствам, у тым ліку і з палітычнай падаплёкай. Трэба пазбавіць Расею нарэшце ад ганьбы і трагедый накшталт той, якую мы зусім нядаўна з вамі перажылі і бачылі. Маю на ўвазе дзёрзкае забойства Барыса Нямцова проста ў цэнтры сталіцы», — заявіў Пуцін.
Адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі Барыс Нямцоў быў забіты ў ноч на 28 лютага ў цэнтры Масквы. Напярэдадні Нямцова пахавалі на Траякураўскіх могілках. На разьвітаньне з палітыкам прыйшлі некалькі тысяч чалавек. У нядзелю, 1 сакавіка, у Маскве і іншых расейскіх гарадах прайшлі маршы памяці Барыса Нямцова. Учора прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў Барыса Нямцова Ордэнам Свабоды. У Кіеве лічаць, што прычынай забойства апазыцыйнага палітыка мог стаць падрыхтаваны ім даклад аб удзеле расейскіх вайскоўцаў у канфлікце ва Ўкраіне.