Дробныя гандляры яднаюцца, каб выжыць

Сьветлагорск, цэнтральная плошча

Прадпрымальнікі са Сьветлагорску заклікалі калегаў з усёй Беларусі да аб’яднаньня намаганьняў у дыялёгу з уладамі.

У Сьветлагорску прадпрымальнікі рынкаў «Першамайскі», «Цэнтральны», гандлёвых цэнтраў «Арціс», «Пасаж», «Дом быту», «Цокаль» на сумесным сходзе прапанавалі сваім калегам у іншых гарадах Беларусі стварыць Рэспубліканскі штаб кантролю сытуацыі ў прадпрымальніцкім асяродку і ўдзелу яго чальцоў у распрацоўцы адпаведных заканадаўчых актаў.

Пра гэта паведаміў Свабодзе ініцыятар сходу, старшыня рады прадпрымальнікаў гораду Анатоль Зьмітровіч:

«Думаю, што прадпрымальнікам трэба самім брацца за вырашэньне свайго лёсу».

Сьветлагорцы прапануюць адміністрацыі прэзыдэнта адхіліць ад удзелу ў падрыхтоўцы новай вэрсіі ўказу № 222 чыноўнікаў, якія засьведчылі сваю некампэтэнтнасьць і неразуменьне працы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Апрача таго, прадпрымальнікі накіравалі ў Сьветлагорскі райвыканкам сваіх прадстаўнікоў, каб атрымаць афіцыйнае распараджэньне са спасылкай на заканадаўчы акт, паводле якога прадпрымальнікам можна працягваць рэалізоўваць рэшткі тавараў, набытых раней без дакумэнтаў.