Актыўнае абмеркаваньне фільма «Мы, браты» стымулюе цікавасьць гледачоў. Такое меркаваньне выказаў журналістам міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў, паведамляе БЕЛТА.
«Зьяўленьне гэтага фільму суправаджаецца такой колькасьцю рознай інфармацыі, што гледачы захочуць прыйсьці яго паглядзець хаця б дзеля таго, каб даведацца, з-за чаго ж шум. Але на самай справе фільм „Мы, браты“ заслугоўвае таго, каб яго паглядзелі», — сказаў Барыс Сьвятлоў.
Паводле яго, карціна распавядае аб сучаснай Беларусі. «Аб сучаснай Беларусі можна распавядаць па-рознаму. Гэты фільм, скажам так, за Беларусь. І ў гэтым яго каштоўнасьць», — адзначыў міністар. Беларусь прадстаўлена ў фільме «Мы, браты» вельмі годна, паказаная яе прырода, архітэктура, дасягненьні, людзі.
Барыс Сьвятлоў адзначыў, што неабходнасьць прадставіць кінавэрсію для пракату запатрабуе выключэньня часткі цікавых сцэн. «Вобразна кажучы, я ў нейкай ступені плакаў разам з рэжысэрам, паколькі, калі трэба адаптаваць вялікі фільм да патрабаваньняў пракатчыкаў да меншага фармату, то некаторыя сцэны могуць проста сысьці», — сказаў ён.
Міністар культуры растлумачыў удзел у праекце Ўладзімера Папова, палкоўніка Службы бясьпекі кіраўніка Беларусі. У любым фільме, у залежнасьці ад тэмы і ступені яе складанасьці, мяркуецца запрашэньне кансультантаў. Асабліва гэта практыкуецца ў ваенных фільмах, каб пазьбегнуць скажэньняў.
Your browser doesn’t support HTML5
«У сувязі з тым, што ў праекце „Мы, браты“ здымалася шмат рэжымных аб’ектаў, было натуральным запрасіць чалавека, які б сказаў, што правільна, а што не, каб не ўводзіць людзей у зман. Таму паўстала постаць палкоўніка Службы бясьпекі кіраўніка дзяржавы», — сказаў Барыс Сьвятлоў. Паводле яго, Уладзімер Папоў аказаў вялікую дапамогу, яго парады прымаліся сцэнарыстам і рэжысёрам на ўра, таму што палягчалі працу над фільмам. Ніякім аўтарам сцэнару, пра што распаўсюдзілі інфармацыю асобныя СМІ, ён не зьяўляецца, паведамляе БЕЛТА.
На 14-м Зьезьдзе кінэматаграфістаў, які адбыўся нядаўна ў Менску, прайшла інфармацыя, быццам стваральнікі фільма «Мы, браты» (працоўная назва «Авель») ўцяклі зь вялікімі грашыма, а сам фільм стаў вялікім пшыкам і дагэтуль ня выйшаў на экраны.
Год таму генэральны прадусар кампаніі Nonstop Media Сяргей Ждановіч абяцаў паказаць фільм на беларускім кінафэстывалі «Лістапад» напрыканцы 2014 году. Аднак падчас фэсту фільм так і не зьявіўся на экранах. Цяпер стваральнікі фільма абяцаюць прэм’ерны паказ 18 красавіка 2015 года.
У камэнтары Радыё Свабода Ждановіч паведаміў, што робіцца ангельская вэрсія фільма для міжнародных паказаў, таму больш канкрэтныя тэрміны ён зможа назваць пазьней.
Ждановіч кажа, што на вытворчасць фільма было выдаткавана зь бюджэту 20 мільярдаў рублёў, якія выдаваліся да канца 2014 года. Па яго словах, гэта склала 1,8 млн даляраў. Прадусар кажа, што заклаў пад вытворчасьць фільму свае жытло і офіс. Але ён упэўнены, што пракат фільму ня толькі верне ўсе выдаткаваныя грошы, але і прынясе прыбытак.
Фільм «Авэль» ствараецца на замову Міністэрства культуры Беларусі прыватнай кінакампаніяй «Нонстоп Мэдыя». Аўтар сцэнару — расейскі драматург Раман Макушаў. Сюжэт расказвае пра варажнечу і замірэньне двух братоў — а-ля «Каін і Авэль» — на фоне палітычных падзеяў у Беларусі. Пры гэтым паваротным пунктам стане шматтысячная акцыя пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010 году. Гэты фільм многія лічаць адказам беларускіх уладаў на незалежны беларуска-польскі фільм пра падзеі 2010-га «Жыве Беларусь!».