«Дзясяты паверх» Аляксандра Лукашука прэзэнтавалі ў Менску ФОТА

Фота Андрэя Шаўлюгі.

«Дзясяты паверх» складаецца зь дзевяці кніг — уключае мастацкія ўспаміны, недакумэнтальныя эсэ, літаратурныя сны і вершы на замежнай мове.

Заля кнігарні «Логвінаў», дзе адбывалася прэзэнтацыя, запоўненая. Сярод гасьцей — літаратары Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Павал Касьцюкевіч, выдавец Ігар Логвінаў, Натальля Адамовіч, мастак Генадзь Мацур, этнакультуроляг Антаніна Хатэнка.

Аляксандар Лукашук у сваёй уступнай прамове адзначыў, што зачыняць незалежныя выдавецтвы, выкідаць з памяшканьняў кнігарні — гэта барбарства. Цягам вечарыны Лукашук неаднаразова браў слова і цытаваў урыўкі са сваёй кнігі.

Уладзімір Арлоў дэманструе плашч, у якім ён хаваўся ад дажджу ў Вэнэцыі

Уладзімір Арлоў у сваім выступе сказаў, што прайшло 20 дзён, як адбылася першая прэзэнтацыя кнігі — 6 лютага на 60-годзьдзі аўтара ў Вэнэцыі. Яна супала з вэнэцыянскім фэстывалем і паводкай у Вэнэцыі — так Арлоў патлумачыў, чаму прыйшоў у гумавых ботах і карнавальным касьцюме. Ён прадэманстраваў рарытэты кніг, падмочаныя падводкай.

Тыльны бок вокладкі кнігі Аляксандра Лукашука

Паводле Анатоля Вярцінскага, Лукашук — «чалавек жанру, чалавек сяброўства, чалавек густу жыцьця, чалавек карыды, ня толькі ў літаральным сэнсе бою быкоў — карыда яшчэ — народная баляда на палітычныя тэмы».

Слова ўзяў Сяргей Дубавец, які адзначыў, што будзе выступаць як крытык. Ён казаў пра «літаратуру факту, якая — падрыхтоўчы матэрыял, каб напісаць прыгожую кнігу».

Сяргей Дубавец

«​Лукашук дрэйфуе ад канстатацыі фактаў да самавыражэньня. У яго зьяўляюцца вобразы»​, — адзначыў Дубавец.

Дзясяты паверх

Выступіў Андрэй Хадановіч —​ «начальнік ПЭН-цэнтру», як яго назваў Лукашук. Хадановіч пажартаваў, што адзіны літаратар, які сам узгадвае пра сяброўскія складкі ў ПЭН-цэнтар — гэта Лукашук.

Андрэй Хадановіч рыхтуецца сьпяваць

На вечарыне выступілі таксама Аляксандра Макавік, рэдактар кнігі Андрэй Федарэнка і мастак Генадзь Мацур, які кнігу афармляў. Федарэнка адзначыў: «Уся рэдактарская праца была — замяніць пару словаў. Як Лукашук піша і чытае — вы бачыце. Чытае, не заглядаючы ў кнігу, амаль даслоўна. Чалавек выпрабоўвае на зуб кожнае слова».

Вечарына завяршылася раздачай аўтографаў. Як адзначыў Лукашук, усе сродкі ад продажу пойдуць на дапамогу кнігарні «Логвінаў» і выдавецтву «Галіяфы».

Фота Андрэя Шаўлюгі