Л. Шаўцова: Украіна, Беларусь і Малдова асуджаныя быць прыфрантавымі дзяржавамі

Лілія Шаўцова

Ураджэнка Львова Лілія Шаўцова лічыцца адным з галоўных расейскіх крэмлінолягаў, экспэртам па расейскай кіруючай эліце. Яна адказала на пытаньні парталу "Украінская праўда". Прапануем вам фрагмэнт інтэрвію.

Украінская Праўда: Мы можам гаварыць пра прэзыдэнта Пуціна і калектыўнага Пуціна, ці можам мы казаць аб кансалідацыі расійскіх элітаў ці ўжо няма гэтага? Ёсьць Пуцін і яго бліжэйшае асяродзьдзе, але ёсьць ужо нейкія больш радыкальныя людзі, для якіх Пуцін недастаткова моцны і рашучы?

Лілія Шаўцова: Мы робім памылку, дэманізуючы крамлёўскага лідэра. Як у свой час рабілі памылку, дэманізуючы і думаючы, што Ельцын кантралюе ўсе падзеі.

Цяпер мы дэманізуем Пуціна, лічачы, што менавіта ён крыніца ўсіх праблем, рухальная і рухаючая сіла і рэжыму, і сыстэмы.

Расійскі прэзыдэнт, натуральна, зрабіў вельмі шмат для фармавання цяперашняга, дастаткова ўнікальнага для Расеі прэтарыянскага рэжыму. Але на дадзеным этапе ён усё больш становіцца закладнікам гэтага рэжыму і сыстэмы і закладнікам сытуацыі.

Калі ж мы ўсе сканцэнтруемся на Пуціне, то ўзьнікае вельмі, скажам так, наіўная выснова — калі б не было Пуціна ці калі сыдзе Пуцін, сытуацыя зьменіцца і стане цалкам прыстойнай і з гэтай сыстэмай можна мець справу. А гэта ня так.

Справа ў тым, што сама сыстэма расейскага самадзяржаўя дасягнула такой стадыі дэградацыі, што яна можа выжываць толькі праз пошук ворага. І любы палітык на месцы Пуціна пры цяперашняй сыстэме, пры цяперашняй Канстытуцыі і складзе палітычнай клясы, а таксама сфэры інтэлектуальнай паслугі гэтай клясы, будзе рабіць прыкладна тое, што робіць Пуцін. Таму мы павінны разважаць пра тое, у якой ступені Пуцін — рухаючая сіла, а ў якой ступені — закладнік.

Адзін з назіральнікаў лацінаамэрыканскіх аўтарытарных рэжымаў Гільерма О’Донэл свайго часу прыдумаў такое вызначэньне — «імпатэнцыя ўсеўладзьдзя».

На нейкай стадыі лідэр, які валодае ўсімі паўнамоцтвамі, як наш прэзыдэнт, і дзякуючы ельцынскай Канстытуцыі стаіць над грамадзтвам і палітычнай сыстэмай і нікому не падсправаздачны: а) губляе адэкватнасьць; б) кантроль над рэсурсамі; в) ён ня можа кантраляваць наступствы сваіх дзеяньняў. І гэта бачна па ўкраінскай палітыцы Пуціна. Крым, магчыма, быў усьвядомленым сцэнаром кансалідацыі ўлады ў момант паслабленьня суседняй дзяржавы.

Злодзей сьцягнуў шапку, і гэтым справа магла і скончыцца. Але потым Пуцін па інэрцыі зрабіў памылку і стаў закладнікам сваёй сыстэмнай памылкі. Ён пайшоў далей, высунуў ідэю «Рускага сывету». І пасьля гэтага ён ужо перастаў кантраляваць падзеі, стаўшы закладнікам ваенна-патрыятычнай мадэлі.

Яго памылка палягала ў тым, што расейская эліта думала, што яна справіцца з санкцыямі. Памылковым было ўяўленьне пра тое, што Захад і, асабліва, Нямеччына гэта праглыне. Не справіліся з санкцыямі, і Нямеччына гэтага не праглынула.

УП: Атрымліваецца, што Ўкраіна асуджаная на пастаянны «тлеючы» канфлікт з Расеяй? Хоць калі мы прызнаем, што гэтая парадыгма пошуку ворага становіцца асноўнай у кіраўнічай мадэлі Расіі, але на маштабную вайну з Украінай рэсурсаў няма, ці можа Пуцін выбраць іншую ідэю для мабілізацыі грамадзтва? Напрыклад, пошук унутранага ворага або татальная барацьба з карупцыяй? Пагуляць трошкі ў Лукашэнку ці пагуляць у Сіынгапур або ў Піначэта. Ён застанецца такім жа моцным, але зьнішчаць будзе галоўную хваробуа расейскага грамадзтва — карупцыю. Можа ён замясьціць украінскую ідэю нейкай іншай ці не?

ЛШ: Па пунктах адказваю на ваша пытаньне.

Па-першае, мне здаецца, Украіна, а таксама іншыя суседнія незалежныя дзяржавы — Беларусь і Малдова, асуджаныя быць прыфрантавымі дзяржавамі да таго часу, пакуль існуе Расея як замарожаная, паўраспалая імпэрыя. Гэтым краінам давядзецца лічыцца з тым, што яны — поле процідзеяньня і канфрантацыі Расеі з Захадам. А таксама спробаў Расеі вярнуцца да пэўнай формы брэжнеўскай дактрыны. Гэта першае.

Другое. Давайце больш не казаць пра Пуціна ў Крамлі, а пачнем рыхтавацца да любой новай рэальнасьці і казаць пра расейскага лідэра самадзяржаўя. Любы лідэр самадзяржаўя будзе вымушаны нэўтралізоўваць гэтае поле канфлікту, дыскамфорту ўнутры Расеі. І любы лідэр імпэрскай краіны з такой традыцыяй будзе сумяшчаць барацьбу з унутраным і вонкавым ворагам.

Зьвярніце ўвагу на тактыку барацьбы з унутраным ворагам. Звычайна расейская ўлада знаходзіць нагоды для зьнішчэньня ўнутранага ворага, абвінавачваючы яго ў сувязі з вонкавым. Гэта значыць зьвязак вонкавага і ўнутранага ворага зьяўляецца аптымальным аб’ектам для перасьледу. Чаму?

Тут і традыцыя, але тут гэтаксама і псыхалягічнае тлумачэньне. Таму што самадзяржаўная ўлада ня можа дазволіць сабе прызнацца, што яна баіцца нейкай пятай калёны: Навальнага, Нямцова, Касьянава... Яна можа зьнішчаць унутранага ворага, толькі тлумачачы насельніцтву, што ён — пятая калёна больш магутнага ворага, які стаіць на гарызонце. Таму зьнешні і ўнутраны вораг у тактыцы стварэньня палітычнай Сахары ...

УП: ... мусяць быць зьвязаныя ...

ЛШ: Абавязкова, гэта непазьбежны элемэнт. Таму барацьба з карупцыяй, магчыма, будзе элемэнтам ачышчэньня расейскай эліты, таму што ў прынцыпе карупцыя, якая паглынула як іржа ўсю ўладу, перашкаджае ўладзе самазахоўвацца. Пуцін ня можа рэалізоўваць свае рашэньні.

У нейкай ступені ён павінен зрабіць тое, што рабіў у свой час Сталін альбо Мао Цзэдун — правесьці ачышчэньне эліты. Калі ў яго хопіць на гэта сіл, бо чысьцячы эліту вы, па сутнасьці, адмаўляецеся ад кантракту з элітай. Кантракт заключаецца ў наступным: я вас не чапаю, рабіце ўсё, што хочаце, раскрадайце краіну — у абмен на ляяльнасьць. Такім чынам, ён павінен будзе адмовіцца ад прынцыпу ляяльнасьці. А гэта вельмі небясьпечна для яго.

Але ўжо сапраўды ён ніколі ня стане ні Піначэтам, ні Лі Куан Ю, таму што ў адрозьненьне ад іншых аўтарытарна-таталітарных рэжымаў, гэтая аўтарытарная ўлада ў Расеі не мае ніякіх мадэрнізацыйных імпульсаў, што было даказана больш чым 20 гадамі яе існаваньня.

Поўны тэкст інтэрвію чытаць тут.