Ужо сёньня, 25 лютага: прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука ў Менску; Рыгоні сустрэнецца з прадстаўнікамі апазыцыі

Муры Крэўскага замку - аўтар: Міхаіл Кулеш

Падзеі і даты новага дня.

Фота дня: Муры Крэўскага замку - аўтар: Міхаіл Кулеш

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У менскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасьці, 37А) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Аляксандра Лукашука «Дзясяты паверх». Падчас вечарыны выступяць Уладзімір Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Андрэй Федарэнка, Андрэй Хадановіч і іншыя. Акцыя дабрачынная — ўсе сродкі ад продажу пойдуць на дапамогу кнігарні «Логвінаў» і выдавецтву «Галіяфы». Пачатак а 19-й гадзіне.

Літаратурны музэй Максіма Багдановіча ў Менску запрашае пазнаёміцца з вынікамі дзіцячага конкурсу малюнкаў «Адлюстраваньні» і наведаць выставу-прэзэнтацыю найлепшых твораў удзельнікаў праекту. Пачатак а 16-й гадзіне.

У менскай кавярні «Агінскі» (вул. Варанянскага, 12) пройдзе ўручэньне прэміі імя Вацлава Ластоўскага за папулярызацыю гістарычных ведаў пра Беларусь у 2014 годзе. Пачатак а 17-й гадзіне.

Эўрапейскі каледж Liberal Arts ў Беларусі (www.eclab.by) запрашае на Дні адчыненых дзьвярэй, якія пройдуць у бізнэс-клюбе IMAGURU (вул. Фабрыцыуса, 4). Пачатак а 19-й гадзіне.

Музыкант, лідэр гурту «J:Морс» Уладзімір Пугач правядзе сустрэчу з прыхільнікамі ў межах акцыі дабрачыннага праекту «Чалавек чытае». Гутарка пра літаратуру і ня толькі пачнецца з прачытаньня ім фрагмэнту адной з любімых кніг. Месца правядзення — рэстаран «Тусэ» (Менск, вул. Сурганава, 57б, ГЦ «Эўропа»). Пачатак а 18-й гадзіне.

Спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці. Італьянскі парлямэнтар знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візытам, падчас якога сустракаецца з прадстаўнікамі ўладных структур і апазыцыі. Перад візытам Рыгоні ў Беларусь паведамлялася, што дэпутат мае закрануць пытаньні, зьвязаныя з палітвязьнямі, правамі чалавека і свабодай СМІ. Папярэднюю справаздачу пра вынікі візыту ў Беларусь Рыгоні прадставіць 18 сакавіка палітычнаму камітэту Парлямэнцкай Асамблеі.

У гісторыі:

1918 — створанае Менскае беларускае прадстаўніцтва — палітычнае аб’яднаньне беларускіх партыяў і групаў лібэральнай і правацэнтрысцкай арыентацыі ў 1918 — пачатку 1919.

1921 — савецкія войскі занялі Тбілісі. У Грузіі гэты дзень лічаць Днём савецкай акупацыі.

1932 — Адольф Гітлер атрымаў нямецкае грамадзянства.

1956 — на закрытым пасяджэньні XX зьезду КПСС Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам аб кульце асобы Іосіфа Сталіна. Гэты даклад паклаў пачатак працэсу дэсталінізацыі ў СССР.

У памяці:

1871 — нарадзілася Леся Ўкраінка, украінская паэтка і пісьменьніца.

1879 — нарадзіўся Гасан Канапацкі, беларускі вайсковец, дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху.

1906 — нарадзіўся Павал Каруза, беларускі фальклярыст, кампазытар, грамадзка-палітычны дзеяч.

1909 — нарадзіўся Сяргей Дарожны, беларускі паэт, грамадзкі і культурны дзеяч.

1943 — нарадзіўся Джордж Гарысан, ангельскі музыка, удзельнік гурту The Beatles.

1947 — нарадзіўся Яўген Шатохін, беларускі мастак, грамадзкі дзеяч, былы член праўленьня Беларускага Саюза Мастакоў, уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня».

1957 — нарадзіўся Алесь Пісьмянкоў, беларускі паэт, ляўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2004, пасьмяротна).

1959 — памёр Клаўдзі Дуж-Душэўскі, беларускі архітэктар і палітычны дзеяч, распрацаваў эскіз сьцяга БНР.

1960 — памерла Ўладзіслава Луцэвіч, беларуская літаратуразнаўца, стваральніца музэю Янкі Купалы, жонка Янкі Купалы.

У вянок Лесі Ўкраінкі

Век праляцеў, а ці сон?
Ліст аднаўляе дуброва.
Вам зь Беларусі паклон,
Ластаўка роднага слова.

Гэта ня помнік Ваш, не —
Рухі жыцьця нажавыя.
I Вашы крылы жывыя
Сьцелюцца іншай вясьне.

Чуйна ступаць па зямлі
Тым, хто за Вамі — з Радзімай.
Колькі паэтаў ўзьнялі!
Сэрцаў Вы колькі збудзілі!

З Вамі гамоніць абсяг.
Раіцца з Вамі прырода.
Песьня і Песьні прасьцяг —
Леся — легенда народа.

Яўгенія Янішчыц