Сыну Замяталіна Дзянісу выставілі новае абвінавачаньне

У Заводзкім судзе Менску судзяць сына былога намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімера Замяталіна. Замяталін-старэйшы ў першыя гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі вызначыўся жорсткім стаўленьнем да незалежных мэдыяў і апазыцыі.

Сына былога намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімера Замяталіна судзяць у Заводзкім судзе Менску. Працэс вядзе судзьдзя Алег Каляда. Абвінавачваюць Дзяніса Замяталіна ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў складзе арганізаванай групы, што караецца зьняволеньнем да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Працэс пачаўся ў 2014 годзе, а сёлета ў лютым у ім быў зроблены перапынак. Пра гэта паведаміла памочнік старшыні Завадзкога суду Ірына Захарава.

​«20 лютага пракурор выставіў новае абвінавачаньне, зьмяніўшы артыкул. Гэта абвінавачаньне ў судзе ўручылі абвінавачанаму для азнаямленьня. 4 сакавіка адбудзецца наступнае паседжаньне па справе. Наконт таго, што ён не прызнае сябе вінаватым, нічога сказаць не магу».

Паводле першага абвінавачаньня дакладна вядома, што Дзяніс Замяталін вінаватым сябе не прызнаваў і заяўляў пра фальшаваньне сьледзтвам доказаў ягонай віны. Гэта пацьвердзіў Сяргей Сацук, рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ежедневник», якое апублікавала зьвесткі пра суд над Дзянісам Замяталіным. Сяргей Сацук кажа, што пракурор і нават адвакат абвінавачанага не кантактуюць з журналістамі.

Ці праўда, што Дзяніса Замяталіна ўжо пяць гадоў трымаюць пад вартай? Сяргей Сацук сказаў, што гэтая інфармацыя прагучала ў судзе, але іншых доказаў у яго няма.

Арганізаваная група, у якую, паводле сьледзтва, уваходзіў сын былога высокапастаўленага чыноўніка Дзяніс Замяталін, нібыта займалася незаконнымі фінансавымі апэрацыямі, у тым ліку прадстаўляла падробленыя справаздачы аб выплаце падаткаў. Гэтыя зьвесткі сьледчых Дзяніс Замяталін абвяргаў; у прыватнасьці, заяўляў, што з шасьці іншых абвінавачаных па справе ён асабіста ведае толькі аднаго.

Уладзімер Замяталін

Крыху больш за чатыры гады таму, у сьнежні 2010 году, стала вядома пра адстаўку Ўладзімера Замяталіна з пасады дырэктара «Беларусьфільма». Гэта была апошняя кіроўная пасада былога намесьніка старшыні адміністрацыі Лукашэнкі, палкоўніка ў адстаўцы, які пачаў сваю палітычную кар’еру з пасады прэсавага сакратара Вячаслава Кебіча. Былы прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч канкурыраваў з Аляксандрам Лукашэнкам за пасаду прэзыдэнта на першых прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Пасьля пройгрышу на выбарах, даведаўшыся, што Ўладзімер Замяталін перайшоў на працу ў адміністрацыю Лукашэнкі, Вячаслаў Кебіч сказаў пра Замяталіна: «Хто адзін раз здрадзіў, той здрадзіць і другі раз».

Праца Ўладзімера Замяталіна ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі супала з адстаўкамі рэдактараў вядучых дзяржаўных газэт, ціскам на незалежную прэсу і зьяўленьнем па дзяржаўных тэлеканалах шэрагу прапагандысцкіх перадач пра апазыцыю, якія актывісты апазыцыі называлі паклёпніцкімі.

Вядома, што маці Дзяніса Замяталіна скарысталася сваім правам і асабіста абараняе яго ў судзе.