Чалавек з арліным позіркам

Арлен Кашкурэвіч. "Полымя" з цыклю "Блякада", 1978

Мне, безумоўна, падабаецца сэрыя «Славутыя мастакі зь Беларусі». «Безумоўна» — таму, што іншых варыянтаў няма. Хочаш купіць альбом беларускага мастака — Драздовіча, Філіповіча, Астаповіча — ідзі і купляй гэтыя кніжкі. Ну, альбо бегай па букіністах, язык на плячо паклаўшы, гадоў пяць і, можа, урэшце адшукаеш старыя каталёгі.

Сэрыя паказвае і агульную культурную палітыку: тое, што ёсьць беларускай мастацкай школай — апушчана ніжэй плінтуса, на ўзровень «малодшага брата». У Нацыянальным мастацкім музэі трэба добра паблукаць па «рускіх партрэтных і пэйзажных жывапісах», каб выйсьці ўрэшце ў адну на ўсё беларускае мастацтва ХХ стагодзьдзя залю, дзе на кожнага мастака кінута костка — адна карціна. Тое самае і з гэтай сэрыяй: маленькія 80-старонкавыя альбомчыкі 15×17 см, дзе ледзь не палову займаюць прадмова і камэнтар... А што ж вы хацелі — вялізны шыкоўны альбом на 300 работ? Вы што, Босх ці Ільля Рэпін? Пераб’ецеся. І наагул: як языком вашым нельга прамовіць нічога вялікага, так і беларускія пальцы не дадуць рады з пэндзлем і ўсёй палітрай фарбаў.

Арлену Кашкурэвічу хапіла адной.

Графіка і, асабліва, гравюра — мастацтва строгае. Ад зьяўлення задумы да гравюры пралягае немалая дарога, чыста тэхналягічная. Сам мэтад не дазваляе графіку памыляцца нават у дробязях, і значыць, ён правінен прадумаць ідэю выявы да драбніцаў, перад тым, як перайсьці да вытворчасьці. Па сутнасьці, і самая чорная фарба абмяжоўвае гравёра — зрэшты, гэтаксама як мармур скульптара: графік мусіць убачыць у чорным тле мясціны, якія варта вынуць і дзе зьявіцца пасьля адцісьненьня белы колер. Таму гравёра вельмі часта цягне ў сфэры сымбалічныя: самое супрацьстаяньне чорнага адціску і белага аркуша да гэтага непасрэдна спрычыняецца.

Ілюстрацыі да "Песьні пра зубра"



У адрозьненьне ад шмат каго з сваіх раўналеткаў, Арлен Кашкурэвіч ніколі ня быў сацрэалістам. Пачатак ягоны — ў шасьцідзясятніцкім «нізкапаклонстве перад захадам» (як тады казалі газэты): крыху хэмінгуэеўскім, разьняволеным, што праявілася ў літаграфіях да «Атамнай базы» Халдара Лакснэса.

Яго кніжная графіка працавала на задуму. Гэта заўсёды быў аўтарскі камэнтар, але не да «ўсеагульнай тэорыі ўсяго», як часта бывала, скажам, у Міколы Селяшчука, а менавіта да пэўнага твора. Матэрыял дыктаваў нават тэхніку выкананьня. Так, ілюстрацыі да Міколы Гусоўскага пераасэнсоўваюць кніжную гравюру часоў Рэнэсансу, якою мог цешыцца сам аўтар «Песьні пра зубра». Лёгкасьць і плястычнасьць вершаў «Найвышэйшай песьні Саламонавай» нібыта ўставіла ў рукі Кашкурэвіча чаротавае пяро, а крыху чырвана-карычневатыя паверхні чалавечага цела і музычных інструмэнтаў падштурхнулі да сангіны («Concerto Grosso»).

Ілюстрацыі да паэмы "Бандароўна" Янкі Купалы



Вядомасьць як нацыянальны мастак Кашкурэвіч атрымаў пры ілюстраваньні паэмаў Янкі Купалы. Тут таксама дзейнічае згаданы прынцып адпаведнасьці. У лінагравюрах-ілюстрацыях хапае купалаўскай экспрэсіі, хуткасьці й імклівага руху, аднак самая тэхніка як бы абмяжоўвае і залішнюю прагу мастака да экспрэсіўнасьці, і ў той жа час, праз гэты няскончаны рух, жэст — адсылае да купалаўскага сымбалізму: так ён яднаецца з рамантычнай паэтыкай. Гэтая замкнёнасьць малюнка нагадвае мне кніжную графіку Фаворскага 1920-х гадоў, у якога Кашкурэвіч (як і ўсе, бадай, графікі-шасьцідзясятнікі) шмат чаму вучыўся.

Ілюстрацыі да рамана "Халдара Ласкнэса",1959



Ёсьць, пры ўсёй рознабаковасьці Кашкурэвіча, адна скразная лінія — экспрэсіянісцкая. Можна нават сказаць, экспрэсійны сымбалізм. Ён найбольш праявіўся ў «ваенных» аркушах вялікага Арлена: «Блякада», «Партызаны», ілюстрацыі да «Карнікаў» Алеся Адамовіча і «Пайсьці і не вярнуцца» Васіля Быкава. Боль, трагічнасьць існаваньня прабіраліся ў рысы твараў пэрсанажаў, скажалі іх і нават разбуралі. У партызанскіх мацярок з аднайменнага аркушу зьіначаныя болем рысы твараў, гэтак жа энэргія разбурэньня паказвае сфэру нізкіх інстынктаў у «Садзе Марты» з ілюстрацый да «Фаўста».

Ілюстрацыя да "Карнікаў" Алеся Адамовіча

А твар нацысцкага злачынцы з «Карнікаў» Адамовіча ўжо наагул распадаецца на малекулы пад узьдзеяньнем Цемры. Тут жа і сонца-Маю Цзэдун узыходзіць па-над полем, засеяным касьцьмі. У 1990-я — 2000-я — адзінота чалавека ў горадзе, гульня ў більярд яблыкамі Эвы і імкненьне голага чалавека паяднацца з музычным інструмэнтам, памкненьне, загадзя вырачанае на поўны правал, але ад таго яшчэ больш палкае і жарснае. Апафэоз — лісты апошняга года жыцьця «Апакаліпсіс»: згрувашчаныя, расьціснутыя невядомай сілай аўтамабілі, чорныя крумкачы — карціна ўсеагульнай сьмерці і бязьлюдзьдзя. Іх у альбом не ўключылі (відаць, баяліся траўмаваць псыхіку гледачоў расейскіх тэленавін): іх пашчасьціла ўбачыць на вялікай рэтраспэктыўнай выставе ў мінулым годзе. Былі там і аркушы пасьлявыбарнага часу: група людзей каля высокага муру, якія абхапілі рукамі калені, і можна было б прачытаць тут палітычны кантэкст, каб ён ня быў для Кашкурэвіча толькі стымулам да кантэксту ўнівэрсальнага.

"Партызанская маці" з цыклю "Партызаны", 1970



Шлях Арлена Кашкурэвіча — боль, самота, горыч, поўная няўтульнасьць існаваньня і ў той жа час гарачае імкненьне пэсыміста да ідэалу, як у таго неапранутага чалавека да віялянчэлі. Вельмі хочацца верыць, што некалі будзе мажлівасьць убачыць добрыя альбомы яго графікі — ня гэтыя турыстычныя, адчэпныя, на 30 выяў 9×12. Пра тое, што ён таго варты, гаварыць неяк дзіка — няўжо гэтага яшчэ не разумеюць?​

Більярд