За плякаты да Дня роднай мовы — па 9 мільёнаў штрафу

20 лютага ў цэнтры Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі пяцёх сяброў «Альтэрнатывы».

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў лідэр моладзевай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан. Затрыманьне адбылося апоўдні ля плошчы Якуба Коласа, падчас расклейкі плякатаў да Дня роднай мовы.

«Сябры „Альтэрнатывы“ расклейвалі плякаты, якія віншуюць беларусаў з заўтрашнім сьвятам — Днём роднай мовы. Раніцай такія плякаты ляпілі на пад’ездах у спальных раёнах, а потым вырашылі расклеіць плякаты на тумбах уздоўж галоўнага праспэкту Менску. Амаль што адразу іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі і павезьлі ў невядомым кірунку. Пазьней адна з затрыманых, прэс-сакратар „Альтэрнатывы“ Вольга Бурневіч, патэлефанавала і сказала, што ўсе яны ў Савецкім РУУС. Адзін з затрыманых — непаўналетні. І на двух сяброў ужо склалі пратаколы за непадпарадкаваньне патрабаваньням службовай асобы.

Сярод затрыманых — Вольга Бурневіч, а таксама актывісты Сяргей Качур, Вольга Жураўлёва, Уладзіслаў Запасаў.

Неўзабаве ў судзе Савецкага раёну прайшлі адміністрацыйныя суды над актывістамі «Альтэрнатывы» Сяргеем Качурам і Ўладзіславам Запасавым.

«Уладзіслава Запасава і Сяргея Качуру пакаралі штрафамі ў 9 мільёнаў рублёў. Вольгу Бурневіч і Вольгу Жураўлёву зь міліцыі адпусьцілі», — паведаміў Свабодзе актывіст Ільля Дабратвор.

Паводле актывістаў «Альтэрнатывы», паміж дастаўленьнем Сяргея Качуры і Ўладзіслава Запасава ў суд і вынясеньнем пастаноў аб іх пакараньні прайшло ня больш за гадзіну.

Алег Корбан

​«Даволі дзіўная і нечаканая рэакцыя ўладаў, бо мы зьбіраліся зрабіць акцэнт на распаўсюдзе плякатаў культурніцкага зьместу. Чаму яны ўбачылі ў гэтым палітыку ці нейкі радыкалізм — невядома. Відаць, улады працягваюць блякаваць разнастайныя ініцыятывы. Можа, вырашылі перастрахавацца. Але ж нічога палітычнага ў плякатах няма. Усё зьвязана з нацыянальнай беларускай сымболікай і віншаваньнем да сьвята — Дня роднай мовы», — адзначыў Алег Корбан.