Расейскі выканаўца Вася Абломаў, які ў Расеі выступаў на апазыцыйных мітынгах і піша сатырычныя песьні пра ўладу, распавёў пра сваё стаўленьне да Лукашэнкі, расейскае пачуцьцё гумару і прапаганду, а таксама навошта расейцам патрэбны быў Крым.
— Вы пішаце сатырычныя песьні, сьмеяцеся з расейскай рэчаіснасьці. Ці разумеюць вашыя песьні ў вашай краіне?
— Вядома, перадусім у маёй краіне мае песьні разумеюць.
— Але ці ня стала горш з пачуцьцём гумару ў расейцаў пасьля ўсіх падзеяў ва Ўкраіне, якія раскалолі расейскае грамадзтва?
— Ёсьць тып людзей, у якіх увогуле туга з самаіроніяй. Але такія людзі ўвогуле Васю Абломава ня слухалі. А што да тых людзей, якія слухалі Васю Абломава, я сьмею спадзявацца, што тыя людзі, як разумелі Васю Абломава, гэтак і разумеюць далей. Магчыма, ім проста трошкі больш сумна цяпер стала праз тое, як складваецца сытуацыя.
— Ці зьмянілася тэматыка вашай творчасьці?
— Стала больш сумная. Стараюся жартаваць, але сумных песень пішу больш. У мяне ёсьць песьня пра тое, як уцёк Януковіч.
— Яна сьмешная ці сумная?
— Януковіч мне падаецца камічнай фігурай, а не трагічнай. Калі я пісаў гэтую песьню, не было вайны, ён тады проста ўцёк. І ўсе даведаліся пра цяперашні музэй карупцыі. Тут усё адназначна — нават той, хто выступае за вайну, не зразумее, чаму прэзыдэнт пакінуў сваю краіну ў такі няпросты час. І ўсе ягоныя выступы выглядалі як Ералаш, быццам глядзіш фільм Гайдая. Тады не было вайны і тады мы яшчэ на гэтую тэму жартавалі. Пасьля пачалася вайна. Таму калі гарматы засьпявалі, музы замаўчалі.
Your browser doesn’t support HTML5
— Вы разумееце, што адбываецца з расейскім грамадзтвам, вы крытыкуеце расейскую ўладу. Але чаму большасьць расейцаў вераць у тое, што паказваюць па тэлебачаньні, верыць прапагандзе?
— Большасьць насельніцтва ня тое, што падтрымлівае, яно ўспрымае гэта як вялікі цікавы сэрыял. Навіны раптам сталі самым цікавым, што паказваюць па тэлебачаньні. Аднак ніводзін чалавек ня скажа, што верыць у тое, што па тэлебачаньні кажуць праўду. Але я думаю, што большасьць людзей думае, што тэлебачаньне хлусіць у нюансах, але ня верыць, што яно можа падманваць глябальна і чорнае называць белым. Такога вялікага скажэньня фактаў ніхто не дапускае. Я ня думаю, што гэта вялікі асьцервянелы натоўп, які хоча крыві. Я думаю, што гэта проста актыўны тэлеглядач. І калі яму па ўсіх каналах паказаць альтэрнатыўную карцінку, гісторыю, ён таксама праз тыдзень пераключыцца на зусім іншыя рэйкі.
— То бок гэта не праблема людзей, а таго, што яны глядзяць?
— Што вы разумееце пад праблемай? Праблема — гэта калі ты яе адчуваеш. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі налаўчыліся ў тым, каб маніпуляваць грамадзкім меркаваньнем. Людзі могуць ня верыць ува ўкрыжаванага хлопчыка, але казаць, што ва Ўкраіне ўсё роўна фашысты. Кшталту: «Так, дзяцей там не ядуць, але ўсё роўна нешта ёсьць, бо дыму без агню не бывае». Калі зьбілі той самалёт, раптам пачаліся перадачы з развагамі: «А давайце падумаем, каму гэта выгадна?» Гэта зварот лёгікі ў патрэбны кірунак, калі ты пачынаеш шукаць нейкую левую канспіралёгію. Вы зразумейце, што людзі шчыра ў гэта вераць. А іх цынічна вешаюць локшыну на вушы: «Цярпі, таму што Захад на нас цісьне». Калі ты сядзіш у 5-павярховым доме з кепскім ЖКГ зь дзярмовымі ўмовамі, хочацца чагосьці вялікага, імпэрыі. Гэты Крым ты ніколі ня бачыў, але табе хочацца. І на гэтым гуляюць — не глядзіце на кошты ў крамах, гэта ня важна, ва ўсім Абама вінаваты.
Your browser doesn’t support HTML5
— Вашая творчасьць — гэта адказ на прапаганду?
— Я песьні пішу, я не палітычная фігура. Я заклікаю да здаровага сэнсу. Я толькі гэтага патрабую ад сваіх слухачоў, нават любові не прашу па вялікім рахунку. У мяне няма задачы зьмяніць меркаваньне людзей. Я бясьсільны супраць гэтай машыны. І вы са сваім радыё таксама бясьсільныя.
— Вы выступалі з канцэртамі ў Беларусі, вас там слухаюць. Ці плянуеце напісаць песьню пра нашую краіну?
— Каб напісаць песьню пра сытуацыю ў Беларусі, я мушу там жыць. Калі я буду пісаць пра Лукашэнку, то я буду лезьці не ў свае справы. Але паколькі мы на беларускім радыё, то магу сказаць, што толькі сьляпы не пасьпеў заўважаць ува ўсёй гэтай мітусьні з вайной і забойствамі, што ваш прэзыдэнт выступіў ледзь не адзіным з найважнейшых міратворцаў, што ня можа не выклікаць павагі. Вайна — гэта зло. Жаданьне спыніць вайну, якое, як высьветлілася цяпер у дэфіцыце, выклікае павагу.
— Вы ня думаеце, што ён нейкім чынам хоча выгаду атрымаць для сябе?
— Ніводнае чалавечае жыцьцё ня вартае пасядзелак у вашым Палацы Незалежнасьці. Калі людзі наглядзеліся тэлебачаньня і прабіваюць сабе галаву, паміраюць — гэта жахліва. Вы ўявіце сабе, яны сядзяць на перамовах, гарбату п’юць, жартуюць. А там людзі страляюць у саміх сябе. Гэта спачатку вайна па загадзе, а потым зьяўляюцца свае ўласныя прычыны, калі забілі твайго сябра, брата, сына. А тут кажуць: «Пераставайце страляць». І як пасьля гэтага жыць гэтым людзям? Учора ты быў укропам з аўтаматам, а там былі каларады. А табе кажуць, што хтосьці там дамовіўся ў сваім палацы — гэта такі псыхалягічны тупік. Калі Беларусь атрымае прэфэрэнцыі — вам жа лепш будзе. Я не хачу сказаць, што ў вас супэр. Я хачу сказаць, што калі Лукашэнка хоча міру, то гэта добра. Я ня чуў ніводнага расейскага палітыка ва ўладзе, які б заклікаў да гэтага.
Your browser doesn’t support HTML5
— У Беларусі ёсьць палітвязьні.
— Я ведаю.
— Ёсьць жа пэўны дысананс, калі дыктатар робіць зь сябе міратворцу.
— Казалі, што Лукашэнка — самы галоўны людажэрца і дыктатар у СНД. Бачыце, як за апошні год усё памянялася. І хто цяпер выступае за мір? Я не хачу хваліць вашага прэзыдэнта. Я проста хачу сказаць, што ня маю ніякага маральнага права не любіць яго. Калі 10 мільёнаў чалавек усё задавальняе, гэта так і будзе. Быў кепскі, а раптам высьвятляецца, што ён не такі кепскі. Тут няма ніякага падвоху, калі ён ня хоча вайны. Мяркую, гэта прыклад нармальнасьці.
— Вяртаючыся да сытуацыі ў Расеі. Ці не перашкаджае вам цэнзура, рэпрэсіі ў дачыненьні да творцаў, музыкаў, якія ёсьць у вашай краіне?
— Перашкаджае, калі людзям унушаюць, што любы альтэрнатыўны погляд — гэта ворагі, здраднікі. У любой краіне ёсьць крэтыны — у ЗША, Беларусі, Расеі. Але на дзяржаўным узроўні нельга пладзіць крэтынаў. Мне некамфортна ад таго, што адбываецца: народ азьвярэў, захацеў вайны, градус агрэсіі ў грамадзтве падняўся. Кепская гаспадарчая сытуацыя ў краіне. Пачалі дэбілаў акрэсьліваць па колеры пашпартоў: украінскі пашпарт — ты вораг, расейскі — сябар. Дэбілы ж не вызначаюцца па колеры пашпартоў. Маральна мне гэта моцна надакучыла.