У найманай кватэры на вуліцы Карла Лібкнэхта Бланкі распавялі «Свабодзе», што паходзяць ад віленскіх габрэяў і з маленства елі дранікі, што замежніку цяжка падпісацца на «Камуніст Беларусі», а адзеньне трэба купляць толькі беларускае.
Купляем беларускае
Джэйсан і Джэфры Бланкі наймаюць кватэру ў старой частцы Грушаўкі, якую яшчэ не закранула новая менская перабудова. Гэтую вуліцу яны выбралі не таму, што яна названая ў гонар аднаго з заснавальнікаў камуністычнай партыі Нямеччыны і хросьніка Карла Маркса. Толькі гаспадыня гэтай кватэры пагадзілася падпісаць з замежнікамі дамову арэнды, што дазваляе ім атрымліваць доўгатэрміновую візу. Іншыя адмаўляліся здаваць нерухомасьць, толькі пачуўшы праз тэлефон іхні акцэнт.
Вузкі калідор, прахадны пакой, старая драўляная падлога, савецкая мэбля. Прыкметаў таго, што ў кватэры жывуць амэрыканцы, — мінімум. Хіба што кладоўка, забітая да самага верху вялізнымі слоікамі з аскарбінавай кіслатой, якія Бланкі прывезьлі са Штатаў, і мноства літаратуры на ангельскай мове. На кніжнай шафе — зь дзясятак шапак-вушанак, яшчэ столькі ж яны парассылалі сваім сябрам у ЗША ў якасьці калядных падарункаў.
«Яны вельмі папулярныя цяпер у Амэрыцы, — кажа Джэйсан. — Усе прасілі прыслаць ім „рускую“ шапку».
Але ня толькі ў падарунак Бланкі набываюць мясцовыя тавары. Яны прынцыпова носяць толькі беларускае адзеньне і купляюць беларускую бытавую тэхніку.
«Беларусь унікальная тым, што ў вашых крамах можна набыць беларускія тавары, — працягвае Джэйсан. — У большасьці краінаў сьвету зрабіць гэта немагчыма. Вось мы нядаўна былі ў Нью-Ёрку, зайшлі ва ўнівэрмаг — і не знайшлі там анічога, што было б выраблена ў ЗША».
Віленскія карані Бланкаў
Носячы прозьвішча маці Леніна ў дзявоцтве, браты Бланк пераехалі ў Беларусь з ідэалягічных меркаваньняў. Ідэйныя камуністы, яны праводзілі антываенныя мітынгі ў Нью-Ёрку. За гэта іх ня раз затрымлівалі, падставай служыла забарона выкарыстоўваць гукаўзмацняльнікі. А ў 2006 годзе, падчас канфэрэнцыі Рэспубліканскай партыі, якая тады была правячай, за імі ў адкрытую сачылі ФБР і нью-ёрская паліцыя, — распавядаюць браты.
Падчас чарговага сьледзтва над Джэфры ягоны брат пісаў звароты ў нацыянальныя газэты і кангрэсмэнам. Не атрымаўшы ад іх адказу, Джэйсан напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку, якога амэрыканскія СМІ абвінавачвалі ў парушэньні правоў чалавека пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Потым Джэйсан адаслаў падобныя лісты кіраўнікам Расеі, Кубы, Вэнэсуэлы, Паўночнай Карэі і Канады.
Нечакана для Бланкаў прыйшоў адказ зь беларускай амбасады. Джэфры і Джэйсана запрасілі ў Беларусь на канфэрэнцыю БРСМ, каб яны распавялі аб правах чалавека ў Амэрыцы. І хоць канфэрэнцыю адмянілі, беларускі бок усё роўна арганізаваў паездку Джэфры і Джэйсана ў Беларусь.
«Мы думалі, што едзем у самую страшную краіну сьвету, і не чакалі пабачыць такі прыгожы горад, — узгадвае Джэйсан. — У нашым дзяцінстве нам прамывалі мазгі, казалі, што ў СССР людзі — бедныя, няма сонца, няма лета. Каб пайсьці ў парк, патрэбны дазвол дзяржавы. Цяпер тое самае ў Амэрыцы кажуць пра Беларусь».
Падчас першага візыту Бланкаў больш за іншае зьдзівіў шырокі праспэкт Пераможцаў, шматлікія паркі, чыстыя вуліцы і разьвіты грамадзкі транспарт.
«Па Менску ўвечары шпацыруюць людзі, горад асьветлены. У Беларусі можна хадзіць па лясах і купацца ў азёрах (у ЗША большасьць лясоў прыватныя. — Рэд.). Нам хлусілі пра Савецкі Саюз».
А некаторыя рэчы Бланкі ўвогуле знайшлі для сябе натуральнымі. Па матчынай лініі яны паходзяць з габрэяў Вільні і Кіева. Таму такія стравы, як дранікі, боршч, іржаны хлеб, грачаная каша, салёныя гуркі і кіслая капуста — гэта тое, што яны елі ў сям’і ўсё жыцьцё.
Асобным пунктам у сьпісе беларускіх «дзівосаў» стаялі гарадзкія трамваі. Калісьці Нью-Ёрк быў амэрыканскай сталіцай трамваяў. Але ў 1956 годзе апошні трамвайны маршрут быў закрыты. Цяпер пракаціцца на віртуальным трамваі можна толькі ў Музэі транспарту. А паездка на старым цягніку мэтрапалітэна каштуе каля 50 даляраў.
«У Менску на трамваі можна пракаціцца за 30 цэнтаў!» — усклікае Джэйсан.
Камуністычная газэта — толькі для беларусаў
Бланкі добра ведаюць гісторыю Лі Гарві Освальда, які больш за два гады жыў у Менску. Але не баяцца, што, падобна свайму суайчыньніку, расчаруюцца ў сацыялізьме. Джэфры тлумачыць, што Освальд лічыў Савецкі Саюз раем, але ў Менску зьмяніў сваю думку, бо паміраў тут ад нуды. Бланкі ж, наадварот, чулі пра Беларусь як пра самую страшную краіну Эўропы, але ім тут настолькі спадабалася, што яны пераехалі сюды.
Да таго ж Освальд быў пад сталым кантролем уладаў, яму тут далі кватэру і працу. Бланкі ж хацелі б большага кантакту зь беларускімі ўладамі, але ня могуць яго наладзіць. У мясцовых камуністах яны ўвогуле расчараваліся.
«Камуністычная партыя павінна быць авангардам грамадзтва, а беларускія камуністы плятуцца за дзяржавай. Тут улады больш прагрэсіўныя, чым камуністы».
А каб падпісацца на газэту «Коммунист Белоруссии. Мы и время», яны мусілі шукаць дапамогі ў беларусаў. Калі Джэйсан паехаў у Камуністычную партыю Беларусі, каб падпісацца на выданьне, яму адмовілі, тлумачачы, што толькі беларусы маюць такое права.
«Напэўна, ён ніколі не чытаў камуністычны лёзунг: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»
У працяг тэмы пытаемся, ці не даводзілася амэрыканцам мець справу з КДБ. Бланкі ўзгадваюць толькі адну гісторыю, калі іх «напалохалі» беларускімі спэцслужбамі ў нясьвіскім гатэлі. Калі запаўнялі анкету для засяленьня, адміністратарка папрасіла Джэфры пісаць больш акуратна, таму што КДБ ня зможа прачытаць. І потым стала тлумачыць, што сьпісы ўсіх пастаяльцаў могуць запатрабаваць органы.
«А так — мы ўпэўненыя, што КДБ ведае пра ўсіх замежнікаў у Беларусі».
Беларускі бізнэс амэрыканскіх камуністаў
У Беларусь Бланкі прыехалі таму, што тут менш капіталізму і глябалізацыі, чым у астатніх краінах — кажуць яны. Браты з радасьцю ўзгадваюць, як засяліўшыся ў гасьцініцу, у сваім нумары знайшлі ўсе беларускія тавары: тэлевізар «Віцязь», лядоўню «Атлант», ложак «Гомельмэбля» — пацьверджаньне таго, што сацыялізм працуе. Да таго ж сама гасьцініца была дзяржаўная.
«У Амэрыцы адзіны від дзяржаўнай гасьцініцы — гэта турма», — кажа Джэфры.
Каб мець магчымасьць пастаянна жыць у Беларусі, Бланкі былі вымушаныя заняцца ў Менску бізнэсам — адкрыць уласныя курсы ангельскай мовы, школу «Native».
«Выходзіць сьмешна: нашы сябры зь Нью-Ёрку, якія падтрымліваюць капіталізм, самі працуюць настаўнікамі, пажарнымі — на дзяржаву. А мы камуністы, але маем свой бізнэс».
Хоць нярэдка, па ўражаньнях Бланкаў, у Беларусі нашмат больш бязьлітаснага капіталізму, чым у Амэрыцы. Напрыклад, дамова арэнды ў ЗША вельмі строгая. Да заканчэньня тэрміну дамовы ніхто ня мае права выгнаць арандатара з памяшканьня. У адрозьненьне ад Беларусі, дзе ўладальнік памяшканьня самастойна можа павялічыць рэнту і нават скасаваць дамову.
«У Беларусі такая дамова — туалетная папера», — кажа Джэфры.
Хочам перакласьці сваю казку на беларускую мову
Пасьля першых візытаў у Беларусь Джэйсан захацеў напісаць казку на расейскай мове. А пасьля паездкі ва Ўзбэкістан і знаёмства зь мясцовым расейцам у Самаркандзе браты вызначыліся з тэмай.
«Гэты чалавек распавёў нам, што Савецкі Саюз — гэта ня толькі бясплатная мэдыцына і адукацыя, адсутнасьць беспрацоўя. У гэтай краіне быў дух братэрства паміж рэспублікамі і народамі. Цяпер такога ўжо нідзе няма».
Пад узьдзеяньнем ад гэтай размовы і ад захапленьня Беларусьсю Джэйсан і Джэфры напісалі на расейскай мове казку «Каралеўства братэрства».
У казцы апісваецца краіна, вельмі падобная да Беларусі: у цэнтры Эўропы, з шырокімі пляцамі, чыстымі вуліцамі, штогадовымі сьвятамі ўраджаю і самым старым некранутым лесам Эўропы — Чароўнай пушчай.
У 2014 годзе кніга была апублікавана ў менскім выдавецтве і прадаецца цяпер у аддзеле беларускіх казак у кнігарні «Сьветач». Браты зьбіраюцца перакласьці яе на ангельскую мову, а таксама шукаюць, хто б мог ім дапамагчы зь перакладам на беларускую.
Беларусы не шануюць таго, што маюць
Бланкі захавалі свае старыя пашпарты. Гартаючы іх, бачым, што большасьць візаў — беларускія. За чатыры гады яны чатырнаццаць разоў атрымлівалі і працягвалі тэрмін дзеяньня беларускіх візаў. Яны нават былі вымушаныя дадаць старонкі да сваіх пашпартоў, а потым увогуле атрымаць новыя пашпарты, бо і новыя старонкі скончыліся. Сярод іншых візаў — расейскія, узбэцкія, казахскія, стаяць штампы аб перасячэньні ўкраінскай і малдаўскіх межаў (у гэтыя краіны для амэрыканцаў бязьвізавы ўезд. — Рэд.). Аднак у ніводнай постсавецкай краіне Бланкам так не спадабалася, як у Беларусі.
«Людзі ў Расеі і Казахстане абсалютна нічым не цікавяцца, апрача грошай і аўтамабіляў, — наракае Джэфры. — Столькі „лэнд-крузэраў“, як у Казахстане, я нідзе ня бачыў».
Браты канстатуюць, што «хвароба» кансумэрызму ўсё больш ахоплівае і беларусаў. Аднак яшчэ сем гадоў таму яны сустракалі шмат беларусаў, якім былі цікавыя ня толькі грошы і машыны.
«Людзі цікавіліся, якую ролю адыгрывае Беларусь у сьвеце, — узгадвае Джэйсан. — Яны мелі вельмі шырокі кругагляд. Але цяпер мы хвалюемся, што ўсё больш беларусаў тупеюць. Яны думаюць, што жывуць горш, чым афрыканцы. Нездарма Лукашэнка нядаўна казаў, што беларусы разбэшчаныя. Мы з гэтым згодныя».
Таму яны вельмі шкадуюць, калі сустракаюць беларусаў, якія толькі мараць, каб зьехаць у ЗША. Яны распавядаюць, як некалі сустрэлі ў Нью-Ёрку беларуса, стэрэатып якога наконт лёгкіх амэрыканскіх грошай быў разьбіты.
«Яму складана было знайсьці хоць якую працу, — кажа Джэйсан. — Да пераезду ў Амэрыку ён нават не задумваўся пра дарагую мэдыцынскую страхоўку, чаго няма ў Беларусі. Толькі ў ЗША ён стаў цаніць свой родны горад — Ліду».