Мабыць, усе з нас некалі паглядзелі хоць адзін фільм або прачыталі хоць адзін раман пра канец нашага сьвету ці пагібель чалавечай цывілізацыі на Зямлі. Тое, што наш сьвет калісьці скончыцца, сёньня ў нікога не выклікае сумненьняў. Пра гэта згодна кажуць і навука, і Апакаліпсіс Сьвятога Яна, і Галівуд. Пытаньне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца і якім чынам.
Цікава, што гэтае кардынальнае пытаньне чалавечага роду толькі цяпер дачакалася сур’ёзнага навуковага досьледу. Удакладнім — адкрытага для публікі досьледу. Адчуваю, што вайсковыя інстытуты ў звышдзяржавах праводзілі падобныя досьледы і раней, але пра іх мы пакуль нічога ня ведаем. А вось невайсковыя навукоўцы з Оксфардзкага Ўнівэрсытэту нядаўна апублікавалі гістарычна першы даклад, які спрабуе вызначыць магчымыя сьмяротныя пагрозы для нашай цывілізацыі і ацаніць імавернасьць кожнай зь іх. Даклад называецца «12 risks that threaten human civilization». 12 — як здаецца, улюбёная лічба чалавецтва, ня толькі ў навуцы. Пералічым гэтыя пагрозы.
1. Штучны розум
Штучны розум на сёньняшні дзень бачыцца як найбольш імаверная пагроза для трываньня нашай цывілізацыі. Але вызначыць рызыку такога канца сьвету, які прадстаўлены, напрыклад, у кінакарціне «Тэрмінатар», ніхто ўсур’ёз не бярэцца. Навукоўцы з Оксфарду ацэньваюць такую рызыку зыходу чалавечага роду ў шырокім прамежку 0-10%.
Гэта для мяне найбольш нечаканы вынік досьледу. Хто б падумаў, што мы можам быць так блізка да сьвету «Матрыцы»...
2. Невядомыя пагрозы
У гэтую агульную катэгорыю ўключаны ўсе пагрозы, якія навука на сёньняшні дзень не ідэнтыфікавала, і ўсе такія, якія падаюцца несур’ёзнымі ці абсурднымі (напрыклад, сьмяротная атака касьмічнай цывілізацыі на Зямлю). Імавернасьць такога апакаліпсісу вельмі значная ў параўнаньні зь іншымі канцамі сьвету: 0,1%.
Тут нічога ня скажаш, акрамя таўталёгіі. Невядомая «невядомая» — заўсёды невядомая.
3. Удар астэроіда
Небясьпека сутыкненьня зь Зямлёю астэроіда з радыюсам 2-3 км, які ў змозе зьнішчыць цывілізацыю ці закончыць існаваньне людзей, зьяўляецца раз на 20 мільёнаў гадоў. Але чалавецтва на сёньняшнім этапе ўжо ўмее выкрываць такія касьмічныя аб’екты і, пры згодным супрацоўніцтве касьмічных дзяржаваў, у прынцыпе можа зьмяніць траекторыю такога астэроіда або зьнішчыць яго зусім. Імавернасьць астэроіднага апакаліпсісу: 0,00013%.
Дзякуй Богу, што хоць тут супакоілі.
4. Выбух супэрвулькану
Магутны выбух вулькану, які выкінуў бы са свайго нутра ў атмасфэру тысячы кубічных кілямэтраў матэрыялу, мог бы спрычыніць «вульканічную зіму» з наступствамі падобнымі да тых, якія былі б пасьля ўдару астэроіду ў Зямлю або ў выніку ядзернай вайны. Пры сёньняшняй тэхналёгіі ніяк немагчыма нэўтралізаваць наступствы такога выбуху. Імавернасьць: 0,00003%.
Лепш ужо сусьветны вірус і непрацяглы кірдык.
5. Экалягічная катастрофа
Навукоўцы не змаглі вызначыць імавернасьці глябальнай экакатастрофы, у якой было б немагчыма падтрымаць жыцьцё мільярдаў людзей.
Трывожна.
6. Дрэннае глябальнае кіраваньне
Прыкладам, на сьвеце ўсталёўваецца крайне некампэтэнтная дыктатура, якая даводзіць да глябальнай катастрофы. Імавернасьць ня вызначана.
Так бы мовіць, беларускі варыянт апакаліпсісу :)
7. Абвал сусьветнай сыстэмы
Эканамічная або сацыяльная катастрофа, калі пачынаюцца глябальныя масавыя беспарадкі і перастае дзейнічаць закон і правапарадак. Імавернасьць ня вызначаная.
Таксама трывожна.
8. Экстрэмальная зьмена клімату
Скажам, у атмасфэру выдзяляецца некантраляваная колькасьць мэтану з Арктыкі і сярэдняя глябальная тэмпэратура ўзрастае на 6 градусаў паводле Цэльсія, што даводзіць да зьнікненьня цывілізацыі. Імавернасьць: 0,01%.
Гэта ня меншы жах, чым супэрвулькан. Доўга і страшна.
9. Ядзерная вайна
Імавернасьць зьнішчэньня сьвету такім спосабам: 0,005%.
Страшна, але хутчэй за ўсё хутка.
10. Глябальная сьмяротная эпідэмія
Імавернасьць: 0,0001%.
Лепш гэта, чым голад і холад.
11. Сынтэтычная біялёгія (генэтычная інжынэрыя)
Генэтыкі зрабілі памылку і стварылі сьмяротны хваробатворны мікраарганізм. Імавернасьць сусьветнай пагібелі: 0,01%.
Вось у гэта чамусьці верыцца найбольш.
12. Нанатэхналёгія
Пагроза ўзьнікне тады, калі гэтую тэхналёгію выкарыстаць для прадукцыі «цудоўнай зброі». Або калі машыны, заснаваныя на гэтай тэхналёгіі, набудуць здольнасьць самаўзнаўленьня. Імавернасьць: 0,01%.
Яшчэ адна «Матрыца». Ці Галівуд, часам, не заглядаў у сакрэтныя вайсковыя досьледы Суднага дня?
Пагаджаюся, усе гэтыя пералічаныя пагрозы і імавернасьці хутчэй нагадваюць фантастычна-навуковую літаратуру, чым нешта сапраўды зьвязанае з жыцьцём людзей, для якіх сьвет канчаецца найчасьцей ад сардэчнай недастатковасьці, інфаркту, інсульту, раку, аўтакатастрофы, гіпэртаніі, хваробы Альцгаймэра або Паркінсана, etc...
«Канец сьвету — гэта занадта добра, каб быць праўдай», — гуляе нейкая такая показка ў інтэрнэце. Людзі сьцябаюцца з ідэі канца сьвету, таму што, па-першае, ён раней ні разу не наступіў, а па-другое, людзі наогул не разумеюць імавернаснага характару навуковых прадказаньняў. Як сказаў ангельскі гісторык Эдвард Гібан (1737-1794), законы імавернасьці, якія дакладныя ў агульнасьці, заўсёды аказваюцца памылковымі ў прыватнасьці. Перакладаючы гэта на больш даступную мову, можна сказаць, што кожны памірае ў адзіночку, нават тады, калі паміраюць усе адразу.