Афіцыйная рэгістрацыя адбылася 13 лютага 2015 году з трэцяй спробы. Дзьве папярэднія — ад верасьня мінулага году — з розных прычынаў не ўдаліся.
Акадэмія будзе рыхтаваць духоўных і сьвецкіх спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй розных ступеняў і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, у тым ліку сьвятароў, для рэлігійнай дзейнасьці ў Рыма-каталіцкім касьцёле ў Рэспубліцы Беларусь. Перадусім гэта будзе навучаньне студэнтаў у галіне тэалёгіі, а таксама біблеістыкі, кананічнага права, гісторыі, літургікі, катэхізацыі, філязофіі, этыкі, рэлігіязнаўства, сродкаў масавай камунікацыі, сацыяльнага вучэньня і служэньня, сям’і, замежных моваў і іншых дысцыплін.
Як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў, ксёндз Юры Санько, больш дакладна праграма навучаньня і навучальныя дысцыпліны будуць узгадняцца ў Ватыкане. «Акадэмія разьмесьціцца ў будынку менскага дабрачыннага каталіцкага таварыства „Карытас“ у вёсцы Ляскоўка каля Бараўлянаў. Ужо падрыхтаваны прафэсарска-выкладчыцкі склад акадэміі — у пераважнай бальшыні гэта каталіцкія сьвятары, якія атрымалі навуковыя ступені і маюць права займаць адпаведныя пасады. Мы ня будзем абмяжоўваць навучаньне малым кантэкстам тэалёгіі, а хочам, каб яно было больш шырокім у падрыхтоўцы спэцыялістаў для жыцьцядзейнасьці касьцёлу. Навучаньне ў акадэміі, канечне, будзе праводзіцца на беларускай мове», — адзначыў Юры Санько.
Што тычыцца ўмоваў навучаньня і набору студэнтаў, то яны таксама яшчэ будуць распрацоўвацца і ўзгадняцца з адпаведнымі касьцельнымі камісіямі. Юры Санько адзначыў выключную важнасьць стварэньня ў Беларусі першай каталіцкай духоўнай акадэміі:
«Вельмі важна, што ў ёй будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю ня толькі будучыя сьвятары, але і людзі сьвецкія. Адкрыцьцё вышэйшай навучальнай установы — гэта важны паказчык разьвіцьця каталіцкага касьцёлу ў Беларусі».