Рада Бясьпекі ААН выказала сур’ёзную занепакоенасьць сытуацыяй у раёне Дэбальцава і заклікала ўсе бакі канфлікту неадкладна спыніць баявыя дзеяньні і забясьпечыць выкананьне менскіх пагадненьняў.
Між тым, як паведамляе Бі-бі-сі, абмеркаваньне дакумэнта ізноў вылілася ў публічную сварку паміж прадстаўнікамі Ўкраіны і заходніх краін, з аднаго боку, і Расеі — з другога.
Амбасадарка ЗША ў ААН Саманта Паўэр заявіла, што Расея павінна даказаць сваю прыхільнасьць міру на ўсходзе Ўкраіны.
«Перастаньце ўзбройваць сэпаратыстаў, — разьвіла сваю думку Паўэр. — Перастаньце адпраўляць празь мяжу сотні адзінак цяжкіх узбраеньняў на дадатак да вашых войскаў. І перастаньце прыкідвацца, быццам вы ня робіце таго, што робіце».
«Расея падпісвае дамовы, а потым робіць усё, што ў ейных сілах, каб іх падарваць. Расея адстойвае сувэрэнітэт нацыяў, а потым паводзіць сябе так, быццам межаў суседняй зь ёй краіны не існуе», — адзначыла амэрыканская амбасадарка.