18 лютага пасьля 15 сутак арышту павінен выйсьці на волю кіраўнік менскай транспартнай фірмы міжнародных перавозак Сяргей Штода, якога затрымалі пасьля таго, як ён абвясьціў аб правядзеньні ў Менску акцыі пратэсту падманутых грузаперавозчыкаў.
Акцыю плянавалася правесьці 4 лютага каля Дома ўраду.
Сяргея затрымалі 3 лютага, калі ён накіраваўся на сустрэчу зь першым віцэ-прэм’ерам Васілём Мацюшэўскім. Аднак сустрэча не адбылася, а лідэра грузаперавозчыкаў абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.
На сустрэчы ва ўрадзе Сяргей Штода спадзяваўся дамовіцца пра скасаваньне штрафаў за нібыта парушэньні правілаў перавозак грузаў у рамках сыстэмы BelToll.
Беларускія грузаперавозчыкі абвінавачваюць улады ў спробе зьнішчыць недзяржаўны сэктар міжнародных транспартных паслугаў і ў адмове правесьці абяцаную імі амністыю па штрафах за карыстаньне платнымі дарогамі BelToll.
Улады абяцалі правесьці амністыю па штрафах, якія ўтварыліся ў першыя тры месяцы працы сыстэмы BelToll з прычыны тэхнічных збояў сыстэмы і недастатковага інфармаваньня перавозчыкаў. Аднак пасьля зьмены эканамічнай сытуацыі гэтае абяцаньне не было выканана.
Паводле прыватных грузаперавозчыкаў, сыстэма BelToll была ўведзена без належнай падрыхтоўкі, у выніку перавозчыкі страцілі дзясяткі тысяч эўра.
У сваім звароце да грузаперавозчыкаў ад 26 студзеня Сяргей Штода заявіў, што транспартная інспэкцыя запусьціла працэдуру банкруцтва для невялікіх арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён заклікаў выйсьці да Дома ўраду і зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай разабрацца ў сытуацыі.
«Мы не тэрарысты, нічога супрацьзаконнага рабіць ня будзем, мы толькі просім разабрацца ў нашай сытуацыі, мы — частка народу, мы законапаслухмяныя падаткаплатнікі. Гэтыя паветраныя штрафы прывядуць да банкруцтва многіх, наступствы ўсе разумеюць, нельга да гэтага даводзіць», — адзначыў Сяргей Штода.