Лідэры незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці і актывісты Эўрапейскай Беларусі распачалі акцыю салідарнасьці з палітвязьнем Яўгенам Васьковічам. Яны заклікаюць неабыякавых людзей павіншаваць Яўгена Васьковіча з днём нараджэньня, даслаўшы ў месца зьняволеньня паштоўку.
Акцыя распачалася ў традыцыйны дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі 16 лютага і прадоўжыцца да 26 лютага — дня нараджэньня Яўгена Васьковіча. Арганізатары прапаноўваюць прыходзіць у офіс прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці, каб падпісаць паштоўку, а таксама даслаць віншаваньне самастойна.
Як падкрэсьліваюць арганізатары, мэтай акцыі ёсьць падтрымка палітвязьня Яўгена Васьковіча, які перажывае жорсткі ціск з боку адміністрацыі турмы за сваю прынцыповую пазыцыю. А таксама — прыцягуць увагу грамадзкасьці да лёсаў людзей, перасьледаваных за палітычныя погляды і перакананьні. «Эўрапейская краіна ня можа лічыцца цывілізаванай і дэмакратычнай, калі ў краіне ёсьць палітычныя зьняволеныя», зазначыла адна з актывістак Марыя Касьян.
У першы дзень акцыі салідарнасьці падпісаць паштоўку Яўгену Васьковічу ў прафсаюз РЭП прыйшлі каля дзясятку чалавек, у тым ліку маці палітвязьня Аляксандра Францкевіча, Тацьцяна Францкевіч. Акцыя салідарнасьці працягнецца 17 лютага.