Малыя вёскі ў Чавускім раёне калі ня зьніклі, то лёс іх вырашаны. Узімку ў іх наагул ні душы. Паселішчы выглядаюць зьдзічэлымі і непрыветнымі. Наведаўшы зь дзясятак, мы гэтак і не спаткалі ніводнага чалавека.
Хаты на замках. Толькі вялікі лес ды такія ж вялікія палі. Яны здаюцца бяскрайнімі. Цягнуцца палосамі. Нібыта прывіды ў баку ад вёсак там сям засланяючы далягляд высяцца кінутыя калгасныя кароўнікі ды сьвінарнікі.
На ўскрайку адной зь нежылых вёсак напаткалі на хату егера. Гаспадар аб’ехаўшы свой абшар неўзабаве зьявіўся. Палясоўшчык Мікалай ўжо сталага веку мужчына запрасіў у хату паглядзець на трафэі паляваньня ды на гарбату.
Апавёў, што бабу Кацю, якая дваццаць гадоў жыла тут адна сярод лесу і палёў, забралі ў шпіталь, а з адтуль — у інтэрнат. Цяпер яе хата замкнёная.
Сам жа Мікалай зь недалёкіх Чавус — райцэнтру. Егерам працуе тры дзясяткі гадоў. Свой вясковы дом прыстасаваў пад патрэбы палясоўшчыка. І пацягнуліся, кажа, да мяне аматары паляваньня. Замежнікі таксама.
Расейцы, зазначае Мікалай, дужа зайздросьцяць беларусам. Кажуць, што ў беларускіх лясах парадак і шмат дзічыны. У іх жа такога няма.
«У іх лясы такія самыя, а дзічыны няма. Усё павыбіта. Калі яны сюды прыяжджаюць, ад задавальненьня проста шалеюць, — з гонарам адзначае палясоўшчык. — Вязуць адсюль у асноўным мяса. Ім трафэі ня дужа патрэбныя».
У суразмоўцы пытаю: а што кажуць пра нашы лясы палякі ды немцы. У іх жа, відаць, таксама ў лясах парадак?
«У іх парадак, — згаджаецца Мікалай, — але яны хочуць паглядзець на нашу дзікую прыроду. Для іх наш лес — гэта дзікая прырода, бо ён зарослы».
«Яшчэ ў нас ласі ёсьць, і шмат. А ў іх (немцаў ды палякаў — рэд.) няма такіх жывёл у лясах. І паляўнічыя яны дужа дысцыплінаваныя. Ніколі лішняга не пастраляюць.
Расейцы ж — гэтыя хуліганы добрыя. Могуць пастраляць і лішняга. Аднак, калі ты падстрэліў, чаго ня трэба, то тады плаці ў два разы даражэй, дык яны гэтага пабойваюцца».
Пра багацьце тутэйшых лясоў на дзічыну Мікалай распавядаць не стамляецца.
«Ёсьць лось, кабан, казуля, нават алені заходзяць. Рысі шмат. Яна ж ў нашай Чырвонай кнізе. А на маёй дзялянцы (яна не вялікая — дваццаць тысяч гектараў) жыве дзясятак. Гэта шмат, — апавядае палясоўшчык, — А ваўкі яшчэ як тут шкодзяць! Штогод мы здабываем дзесяць-дванаццаць ваўкоў. Але бывалі гады, што і па сямнаццаць білі».
Апошнімі днямі, — кажа егер, — ваўкоў актыўна адстрэльваюць. А што зь дзікамі — пытаю. Іх жа таксама загадалі зьвесьці праз пагрозу распаўсюду афрыканскай чумы?
Суразмоўца не хавае, што зь дзікамі праблемаў шмат. Да леташняга ліпеня іх стралялі аматары-паляўнічыя, у якіх была ліцэнзія. Цяпер загадалі вынішчаць бязь літасьці і егерам:
«Зь ліпеня месяца нас перавялі на асаблівыя ўмовы паляваньня. Здабыў дзіка, выклікаеш вэтлекараў — яны вантробы бяруць на праверку, а тушу трэба закапаць ня менш як на два мэтры», — распавядае Мікалай.
«Мы здабылі шасьцёх дзікоў у гэтых умовах і яны, высьветлілася, усе незаразныя. Але ўсё адно закапаць — і ўсё. Нібыта ў нас і чумы ня выявілі, аднак загад дзейнічае. Дзікоў мы павінны вынішчаць сваімі рукамі ўсіх. І дужа караюць, калі не адстрэльваеш. Нам шкада іх. Мы іх кармілі. Я вывозім па сорак тон зернеадыходаў. Каля мяне яны трымаліся, а цяпер забаранілі нават карміць».
Егер кажа, што дзікоў паменшала ў пяць-сем разоў. «Мо сто галоў на ўвесь раён і засталося з нацяжкай».
Тое, што дзічыны паболела, Мікалай ня зьвязвае з абязьлюджваем мясьцінаў. Лічыць, што жорсткія захады супраць браканьерства даюць свой плён:
«Раней на браканьерства просты чалавек ня хадзіў. Баяўся. А толькі падкручанае начальства. Зь міліцыяй зьвязана, з райвыканкамам. А цяпер— чым вышэй начальнік, тым прасьцей злавіць яго і пакараць. І яны баяцца. Простыя ж паляўнічыя, як правіла, паслухмяныя. Браканьераў стала ў дзясяткі разоў меней. Раней браканьерскім спосабам здабывалі да дзясятку ласёў, а цяпер аднаго застрэляць — і тое выкрыюць злачынства».
Жыхарам многіх вёсак Чавускага раёну плацілі некалі «грабавыя». Гэтак тут называлі выплаты за жыцьцё ў радыяцыі. «Грабавыя» скасавалі, а радыяцыя ж нікуды не падзелася. Хаця ў дзічыне яе стала меней, — сьцьвярджае Мікалай.
«Тры-чатыры гады таму ў дзікоў была радыяцыя, але толькі ўзімку. Улетку яны добрыя прадукты ядуць: пшаніцу, гарох, кукурузу. Як толькі сыходзяць у лес і пачынаюць капаць падсьцілку, то набіраюць. Радыяцыі крыху ёсьць, але яна сыходзіць пакрысе. У ласёў і казуль яе няма. Яны харчуюцца іншым. Зямлі не кранаюць».
Багатыя на грыбы ды ягады лясы дапамагаюць вяскоўцам крыху падзарабіць. Сабраныя лісічкі вязуць на продаж у Берасьце ды Горадню. Некаторыя з заробленага жывуць па некалькі месяцаў.
Разьвітаўшыся і выходзячы з хаты, я паказваю егеру на вастракол, на якім вывешаныя гарлачы. Ён адказвае: «Мы ж беларусы. Так у нас заведзена».