Як паведамляюць нямецкім СМІ, дэпутаты Бундэстагу заклікаюць ўручыць канцлеру Нямеччыны Ангэле Мэркель Нобэлеўскую прэмію міру пасьля таго, як падчас перамоваў зь яе ўдзелам у Менску былі дасягнутыя дамоўленасьці ў справе мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны.
«Тое, чаго спадарыня Мэркель разам з прэзыдэнтам Францыі Аляндам дасягнулі ў Менску, неверагодна. Калі дзякуючы гэтаму ўсталюецца працяглы мір, Нобэлеўская прэмія за такое дасягненьне будзе лягічным крокам», — заявіў у інтэрвію выданьню «Bild am Sonntag» дэпутат Бундэстагу і старшыня нямецка-ўкраінскай парлямэнцкай групы Карл-Георг Вельман. Пры гэтым палітык засьцярог ад заўчаснага аптымізму, паколькі, па яго словах, пакуль гаворка ідзе аб рэжыме спыненьня агню, ня маючы ніякіх гарантый, што пагадненьне выконваецца.
Дэпутатка Бундэстагу Сільвія Панцялей гэтаксама падтрымала ідэю аб уручэньні нямецкай канцлерцы прэміі міру:
«Тады, як іншыя палітыкі спрабуюць сутыкнуць ілбамі народы Эўропы, Ангела Мэркель бачыць сваю місію ў аб’яднаньні кантынэнту і далейшым прасоўваньні вялікага праекту маці і бацькоў аб’яднанай Эўропы», — лічыць Сільвія Панцялей.
Рэжым спыненьня агню на Данбасе ўступіў у сілу ў 00 гадзін 00 хвілін 15 лютага. Адпаведны загад украінскім войскам аддаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Раней ён заявіў пра магчымасьць увядзеньня ваеннага становішча на ўсёй тэрыторыі краіны, калі ў зоне канфлікту ня будзе ўсталяванае перамір’е.
Тым часам у Генштабе Ўкраіны паведамляюць, што з пачатку рэжыму спыненьня агню, абвешчанага мінулай ноччу, сэпаратысты больш за дзесяць разоў абстралялі пазыцыі ўрадавых войскаў. Балазе, абстрэлы бессыстэмныя, стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў няма.