Заходняя прэса: Менскае пагадненьне цынічнае, але альтэрнатыва была б горшай

Ілюстрацыйнае фота

Выданьні з усяго сьвету працягваюць аналізаваць плян мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, падпісаны ў Менску.

The New York Times

Амэрыканскае выданьне The New York Times адзначае, што новы мірны плян для Ўкраіны — «Менск-2» — стварае як надзею, так і сумнеў.

Аптымісты паказваюць, што пагадненьне было заключана ў прысутнасьці і з асабістай санкцыі двух найважнейшых эўрапейскіх лідэраў, а таксама прэзыдэнтаў Пуціна і Парашэнкі. Пэсымісты (некаторыя назвалі б іх рэалістамі) мяркуюць, што новае пагадненьне ўсяго толькі вуалюе многія зь неакладных праблемаў, якія галоўным чынам справакавалі баявыя дзеяньні« — піша карэспандэнт газэты Нэйл Макфаркюхар.

На думку аўтара, ключавыя пытаньні, у тым ліку аб статусе сэпаратысцкіх тэрыторый, аб графіку аднаўленьня ўкраінскага кантролю над мяжой з Расеяй і нават пра самую лінію перамір’я, засталіся няяснымі або былі адкладзеныя на будучыню.

Аўтар таксама падкрэсьлівае, што ніхто зь лідэраў не падпісаў пагадненьня асабіста. «Гэта схаваны сыгнал, што яны не бяруць на сябе поўную адказнасьць за вынік перамоваў» — заключае карэспандэнт The New York Times.

The Guardian

Менскае пагадненьне вельмі крохкае і вісіць на тоненькім валаску, лічыць Ангус Роксбара з брытанскага выданьня The Guardian.

Нельга дазваляць Пуціну рабіць выгляд, што ён ня можа кантраляваць сэпаратыстаў. Аўтар лічыць, што Пуцін у стане спыніць пастаўкі зброі для іх. Але ён наўрад ці гэта зробіць, калі будзе баяцца, што Украіна, абапіраючыся на Захад, рыхтуецца аднавіць наступ.

«Трэба спадзявацца, што ЗША перагледзяць пляны накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Ўкраіну ў наступным месяцы, каб пачаць падрыхтоўку ўкраінскай арміі. Тое ж самае тычыцца любых ідэяў адносна паставак зброі Кіеву, нават абарончай,» — піша Роксбара. І заключае:

«Менавіта таму канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пачала актыўна дзейнічаць на мінулым тыдні, адчайна дамагаючыся пагадненьня да таго, як амэрыканцы падымуць стаўкі. Яна разумее, здаецца, лепш за астатніх заходніх лідэраў, што гэта пераломны момант. Калі халодны розум ня возьме верх, прычым з усіх бакоў, то наступствы для Эўропы могуць быць катастрафічнымі».

The Foreign Policy

Спыненьне агню паміж Расеяй і Ўкраінай успрымаецца большасьцю як перамога прэзыдэнта Пуціна, лічыць аглядальнік амэрыканскага часопіса The Foreign Policy Дэйвід Фрэнсіс. Але, дадае ён, менавіта гэтае пагадненьне можа прадухіліць эканамічны каляпс ва Ўкраіне, паколькі дазволіць ёй атрымаць грашовыя ўліваньні для выратаваньня эканомікі.

Выданьне цытуе палітоляга Шона Кэя, які мяркуе, што спрэчкі аб магчымых пастаўках амэрыканскага ўзбраеньня Ўкраіне адцягваюць увагу ад «выратавальнага кола», якое МВФ кінуў Украіне. Калі падключацца іншыя донары, Украіна можа атрымаць агулам каля 40 мільярдаў даляраў.

«Нягледзячы на ўсе гэтыя шумныя заклікі пастаўляць зброю, я ня чую, каб тыя ж самыя людзі рэкамэндавалі нам выпісаць чэк на буйную суму,» — іранізуе Кэй.

Bloomberg

Пагадненьне ў Менску — цынічны акт, які ўсё ж можа запрацаваць. Гэтак лічаць рэдактары выданьня BloombergView, якія падкрэсьліваюць, што гэтае пагадненьне лепшае за любую рэальную альтэрнатыву.

Выданьне адзначае, што пераможцам перамоваў стаў Уладзімір Пуцін. Гэта ён кантралюе хаду падзей у зоне канфлікту і толькі ад яго залежыць, ці вайна пашырыцца, ці спыніцца.

«Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка вёў перамовы са значна слабейшай пазыцыі. Але гэтае пагадненьне прынамсі стварае рамкі для ягонай краіны, каб аднавіць кантроль на мяжы з Расеяй і такім чынам гарантаваць, што Ўкраіна застанецца цэлай і свабоднай» — піша BloombergView.

Süddeutsche Zeitung

Аглядальнік Süddeutsche Zeitung Штэфан Карнэліюс піша, што Мэркель і Алянд заслугоўваюць пахвалы за сваю ініцыятыву мірнага ўрэгуляваньня расейска-ўкраінскага канфлікту, але ня больш за тое. Менскае пагадненьне на паперы выглядае як ідэальная прапанова выхаду з хаосу вайны. Але ў гэтым пагадненьні тоіцца мноства выбуховых рэчываў.

Свой аналіз няясных месцаў і магчымых канфліктных пунктаў пагадненьня Карнэліюс пачынае цытатай з дэклярацыі, падпісанай чатырма лідэрамі, у якой гаворыцца аб тым, што перамоўнікі пацьвярджаюць «поўную павагу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны». Пра якую павагу можа ісьці гаворка, калі ў гэтай дэклярацыі ня згадваецца Крым? — задае рытарычнае пытаньне камэнтатар.

«Сустрэча ў Менску не прынесла ніякага міру, нават падманлівага. У найлепшым выпадку яна адкрыла ўсяго толькі магчымасьць для міру» — піша Штэфан Карнэліюс.