Нямецкі палітоляг Андрэас Умлянд, які цяпер працуе ў базаваным у Кіеве Інстытуце Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, кажа што новыя менскія пагадненьні практычна паўтараюць ранейшыя. Ён лічыць, што калі б гэтыя пагадненьні былі ажыцьцёўленыя, дык сэпаратысты згубілі б кантроль над захопленымі імі раёнамі Данбасу і былі б вымушаныя ўцячы ў Расею.
Умлянд: Гэты сцэнар, аднак, робіцца рэалістычным толькі калі менскія пагадненьні 1 і 2 сапраўды будуць цалкам ажыцьцёўленыя. А такое ажыцьцяўленьне малаімавернае, пакуль ня будзе моцнага эканамічнага ціску на Расею з боку Эўразьвязу (напрыклад праз эмбарга на імпарт нафты з Расеі ці праз прыпыненьне ўдзелу Расеі ў сыстэме плацяжоў SWIFT).
РС: Ці лічыце Вы, што такія крокі цяпер палітычна магчымыя і ці бачыце Вы, пры якіх умовах заходнія лідэры могуць на гэта пайсьці?
Умлянд: Цяпер малаімаверна, што такія новыя санкцыі будуць уведзеныя, але магчыма, што зь цягам часу грамадзкая думка ў Эўропе надалей зьменіцца. Яна ўжо зьмянілася і павярнулася супраць Расеі, калі паглядзець на апытаньні ў заходніх краінах. Калі зьмены будуць працягвацца, дык можа скласьціся сытуацыя, калі такое эмбарга ці прыпыненьне ўдзелу Расеі ў сыстэме плацяжоў SWIFT зробіцца рэалістычным сцэнаром. Я, дарэчы, ня думаю, што любы з гэтых двух крокаў будзе надта шмат каштаваць для Захаду. Нафту можна купляць ў іншых месцах, а сыстэма SWIFT застанецца дзейнічаць для заходніх краін. Гэта пытаньне палітычнай волі, а не эканамічных разьлікаў. Калі ў найбліжэйшыя месяцы ня будзе ўстойлівага рашэньня праблемы ўсходняй Ўкраіны, дык магчыма, што такія санкцыі зробяцца рэалістычнымі.
РС: Некаторыя крытыкі кажуць, што жорсткія эканамічныя санкцыі могуць зрабіць Расею нават больш агрэсіўнай і прывядуць да далейшай эскаляцыі канфлікту. Што б Вы адказалі на такое?
Умлянд: Вядзецца дыскусія пра розныя формы эмбарга. Што тычыцца прыроднага газу, дык тут існуе ўзаемная залежнасьць — Эўропе трэба газ, а Расеі трэба грошы ад продажу газу. А вось што тычыцца нафты, дык тут Расея больш залежная ад эўрапейскага рынку, чым Эўропа ад расейскіх нафтавых паставак, бо нафту можна купіць у іншых пастаўшчыкоў.
Я ня думаю, што з боку Расеі могуць быць захады ў адказ, бо Расея ня мае для гэтага інструмэнтаў. Доля прыбытку ад продажу нафты ў Эўропу ў расейскім бюджэце дастаткова вялікая, каб зрабіць праблематычным функцыянаваньне расейскай дзяржавы вельмі хутка. Расейскай дзяржаве давядзецца напружвацца, каб выканаць свае асноўныя абавязкі перад сваімі грамадзянамі — пэнсіі, заробкі і гэтак далей. Таму ў Расеі не застанецца шмат часу і энэргіі займацца іншымі пытаньнямі.
РС: Ці лічыце Вы, што заходняя грамадзкая думка зможа падтрымаць такія жорсткія эканамічныя санкцыі, калі канфлікт будзе працягвацца бяз значнага абвастрэньня?
Умлянд: Я ня ведаю дакладна, як будзе мяняцца грамадзкая думка, але мы ўжо бачым пагаршэньне рэпутацыі Расеі за апошні год, і калі гэта будзе працягвацца, а палітычныя эліты Захаду будуць працягваць абмяркоўваць гэтую праблему, дык гэтыя крокі — нафтавае эмбарга і адключэньне ад сыстэмы SWIFT — будуць прапанаваныя рана ці позна. Бо ўрэшце гэта ўсё адно менш праблематычна, чым пастаўляць зброю Ўкраіне і непасрэдна ўцягнуцца ў канфлікт. Думаю, якраз гэтага Захаду сапраўды ня хочацца — зрабіцца часткай ваеннага канфлікту — таму прывабнасьць эканамічных санкцый будзе расьці.