У кулюарах менскага саміту прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін паведаміў, што адзін дакумэнт падпісаны Трохбаковай групай — пра комплекс захадаў дзеля імплемэнтацыі Менскіх дамоваў.
Ухвалены таксама другі дакумэнт — заява чатырох прэзыдэнтаў пра тое, што яны падтрымліваюць гэты працэс.
Пятро Парашэнка заявіў журналістам па выніках саміту, што Трохбаковая кантактная група падпісала дамову:
«Галоўнае — безумоўнае спыненьне агню з 0 гадзін 15 лютага. Яно суправаджаецца адводам цяжкой артылерыі. Яна адводзіцца ад „менскай лініі“ на 25 км ад украінскіх і сэпаратысцкіх фармаваньняў, утвараецца буфэрная зона».
«Мы не пайшлі на статус аўтаноміі для Данбасу і фэдэралізацыю», — сказаў Парашэнка.
Пуцін заявіў, што «Кіеўская ўлада адмаўляецца ад перамоваў наўпрост з сэпаратыстамі».
Паводле словаў Пуціна, бакі дамовіліся пра спыненьне агню з 0 гадзін 15 лютага, пра адвод цяжкага ўзбраеньня ад сёньняшняй лініі сутыкненьня — для ўкраінскіх сілаў, і ад лініі, зафіксаванай у дамове ад 19 верасьня, — для сэпаратыстаў.
Пуцін распавёў, што быў абмеркаваны комплекс неваенных пытаньняў — канстытуцыйная рэформа ва Ўкраіне, якая б гарантавала правы людзей на Данбасе, памежныя пытаньні, гуманітарныя, а таксама імплемэнтацыя раней прынятага закону аб асаблівым статусе Данбасу і цэлы комплекс пытаньняў эканамічнага і гуманітарнага характару.
Пуцін зазначыў, што сэпаратысты патрабуюць, каб 8000 украінскіх салдат склалі зброю.
Паводле слоў расейскага прэзыдэнта, праблема ў тым, што ДНР і ЛНР сьцьвярджаюць, што ў адказ на агрэсію Кіева яны ня толькі стрымалі атаку, але і ўзялі ў аблогу групоўку ў складзе 6–8 тысяч чалавек.
І яны зыходзяць з таго, што гэтая групоўка спыніць супраціў і складзе зброю. Прадстаўнікі Ўкраіны мяркуюць, што аблогі няма. Заклікаем праяўляць стрыманасьць.
«І яны зыходзяць з таго, што гэтая групоўка спыніць супраціў і складзе зброю. Прадстаўнікі Ўкраіны мяркуюць, што аблогі няма. Заклікаем праяўляць стрыманасьць. Зрабіць усё, каб разьвядзеньне тэхнікі адбылося бязь лішняга кровапраліцьця. У мяне ёсьць сумневы — калі такая аблога ёсьць, то тыя, хто ў аблозе, будуць вырывацца. Мы дамовіліся з Парашэнкам, што ваенныя экспэрты высьветляць, што адбываецца на самой справе. Заклікаю да міру і спыненьня кровапраліцьця».