Міністар замежных спраў Уладзімер Макей у кулюарах сустрэчы ў «нармандзкім фармаце» у Менску 11 лютага адказаў на пытаньні журналістаў.
На пытаньне, ці дапамогуць міратворчыя намаганьні Беларусі палепшыць яе стасункі з Захадам, Уладзімер Макей адказаў наступнае:
«Пры чым тут гэты саміт да нармалізацыі стасункаў з Эўропай? Мы занялі нашую пазыцыю па Ўкраіне не таму, што мы хочам спадабацца Эўропе, каб яна нас палюбіла і каб стасункі адразу нармалізаваліся. Такое ў прынцыпе немагчыма. Мы разумеем, што ў нас ёсьць пэўныя праблемы ў стасунках з Эўропай. Эўропа разумее, што ў яе ёсьць нейкія пэўныя праблемы зь Беларусьсю. Але нашая пазыцыя па Ўкраіне ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Размова ідзе пра тое, што наша пазыцыя па Ўкраіне дазволіла Эўропе зразумець, што ў нас ёсьць свае нацыянальныя інтарэсы, мы імі кіруемся і мы займаем пазыцыю не таму, што хочам спадабацца Эўропе ці амэрыканцам, ці ўсходу, ці захаду, ці поўначы, ці поўдню. Мы так дзейнічаем, таму што нас само жыцьцё прымушае так дзейнічаць. Мы прымаем рашэньні, сыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў. Радыкальнага паляпшэньня стасункаў з Эўропай мы не чакаем. Але, напэўна, зразумела, што нашая пазыцыя па Ўкраіне дапаможа лепш зразумець Беларусь. Гэта прывядзе да таго, што ў нашых стасунках будзе больш пазытыўная атмасфэра».
Радыкальнага паляпшэньня стасункаў з Эўропай мы не чакаем
Уладзімер Макей паведаміў, што дакумэнт, зь якім працуюць прадстаўнікі нармандзкай чацьвёркі, распрацоўваўся пры ўдзеле прадстаўнікоў МЗС краінаў-удзельніц. Іх сустрэча адбывалася ў Менску 10 лютага і працягвалася да другой гадзіны ночы. У распрацоўцы дакумэнта ўдзельнічалі і памочнікі прэзыдэнтаў. У тым ліку і памочнік прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна Ўладзіслаў Суркоў, які таксама прысутнічае сёньня ў Палацы Незалежнасьці.
Паводле Ўладзімера Макея, пра тое, што ў Менску адбудзецца сустрэча ў «нармандзкім фармаце», ён даведаўся толькі 8 лютага. За гэты час удалося падрыхтавацца да прыёму кіраўнікоў краін.
У нашых эўрапейскіх партнэраў іншыя трохі патрабаваньні, якія, можа, трохі адрозьніваюцца ад нашых
«Ня ведаю, ці ўсё адбываецца ідэальна з пункту гледжаньня арганізацыйна-пратакольнай і тэхнічнай, але мы пастараліся зрабіць максымум. Даведаўся пра гэта ў нядзелю. Рашэньне пра правядзеньне падобнага маленькага саміту ў Менску ў нармандзкім фармаце было прынятае ў нядзелю. І наш прэзыдэнт быў праінфармаваны ўкраінскім і расейскім прэзыдэнтамі, што падчас размовы было прынятае такое рашэньне. Таму часу заставалася мала. З улікам нашага досьведу пры падрыхтоўцы нашых, скажам, унутраных постсавецкіх самітаў у межах СНД, АДКБ і іншых інтэграцыйных аб’яднаньняў, нам удалося хутка падрыхтавацца. Хаця, канечне, спэцыфіка ёсьць, таму што ў нашых эўрапейскіх партнэраў іншыя трохі патрабаваньні, якія, можа, трохі адрозьніваюцца ад нашых».
На пытаньне, якой была камунікацыя паміж кіраўнікамі Францыі і Нямеччыны і Аляксандрам Лукашэнка, Уладзімер Макей параіў спытацца ў Аляксандра Лукашэнкі:
«Я размаўляў са спадарыняй фэдэральным канцлерам пакуль сустракаў ля трапа самалёта, і пажадаў посьпехаў на перамовах».
Апроч гэтага, Уладзімер Макей паведаміў, што неўзабаве чакаецца прыезд у Менск шэрагу эўрапейскіх чыноўнікаў з Брусэлю.