Ахвярамі артылерыйскага абстрэлу ўкраінскага горада Краматорск ў аўторак сталі, па папярэдніх дадзеных, 15 чалавек, больш за 60 — параненыя, у тым ліку пяцёра дзяцей.
Пра гэта паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандар Турчынаў.
Дэпартамэнт аховы здароўя Данецкай абласной адміністрацыі ўвечары ў аўторак паведаміў аб 12 загінулых і больш за 60 пацярпелых пры абстрэле Краматорску.
Кіеў ускладае віну за абстрэл на сэпаратыстаў. Як заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, «апалчэнцы» нанесьлі ўдар па цэнтральным штабе ваеннай апэрацыі ў Краматорску, а таксама па разьмешчаных побач жылых кварталах.
Па словах Турчынава, горад абстралялі з сучаснай расейскай сыстэмы залпавага вагню з выкарыстаньнем касэтных боепрыпасаў. Са слоў прадстаўніка Генштаба Ўладзіслава Селязьнёва вынікае, што абстрэл вёўся з Горлаўкі.
Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе Ірына Герашчанка заявіла, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, што перад атакай у раёне Краматорска быў зафіксаваны пралёт бесьпілётнага апарату праціўніка, перадае «Украінская праўда».
Сэпаратысты дачыненьне да абстрэлу абвяргаюць. У так званым «міністэрстве абароны» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», назвалі абстрэл правакацыяй украінскіх вайскоўцаў.