Візыт Макея ў Сырыю — прыклад кансьпіралягічнай дыпляматыі, — Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

Мэты і вынікі нечаканага візыту ў Сырыю міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея застаюцца незразумелымі.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў інтэрвію Радыё Свабода зьвярнуў увагу на тое, што пра візыт Макея грамадзкасьць даведалася ўжо постфактум.

«Так выглядае, што ў Макея ўвогуле кансьпіралягічная дыпляматыя, бо гэты візыт ніяк не анансаваўся. Наколькі вядома, Макей быў у Бэрліне і Мюнхэне, а пасьля, як мы можам разумець, апынуўся раптам у Дамаску», — кажа ён.

Якаўлеўскі не выключае, што візыт Макея можа быць зьвязаны зь нейкай пасярэдніцкай функцыяй афіцыйнага Менску ў сырыйскім канфлікце:

«Напрыканцы мінулага месяца ў Маскве ўпершыню адбылася кансультатыўная сустрэча прадстаўнікоў сырыйскай улады і сырыйскай апазыцыі. Калі пасьля такога мерапрыемства ў Дамаску зьяўляецца бліжэйшы хаўрусьнік Масквы, то, магчыма, яму падабаецца выконваць функцыю пасярэдніка».

Які ўласны інтарэс можа мець афіцыйны Менск у Сырыі — экспэрт сказаць не бярэцца.

«Складана сказаць, які інтарэс. Раней казалі, што было вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва, цяпер я сумняюся, што ў гэтай галіне ідзе разьвіцьцё. Макей перадаў нейкае пасланьне ад Лукашэнкі Башару Асаду. Але мы ўвогуле ня ведаем, што гэта за пасланьне», — канстатуе ён.

Якаўлеўскі адзначае, што такая сытуацыя, калі пра зьнешнепалітычныя крокі ўладаў нічога не вядома, характэрная для Беларусі. Экспэрт нагадаў выпадак, калі напрыканцы студзеня Ўладзімер Макей, спаслаўшыся на Аляксандра Лукашэнку, паведаміў журналістам, што ў беларускіх уладаў ёсьць свае прапановы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе, якія былі накіраваныя ўсім бакам канфлікту. Але што гэта былі за прапановы, дагэтуль невядома.

«Гэта ўсё кансьпіралягічная дыпляматыя. Можа, пройдзе пэўны час, і зноў па сакрэту ўсяму сьвету, як гэта звычайна Лукашэнка робіць, нам нейкія падрабязнасьці скажуць. Але на дадзены момант мы нічога ня ведаем пэўна», — падкрэсьлівае палітычны аглядальнік.

Уладзімер Макей наведаў з афіцыйным візытам Сірыю 8–9 лютага. Падчас візыту ён сустрэўся з прэзыдэнтам Башарам Асадам, а таксама прадстаўнікамі сырыйскага ўраду і дзелавых колаў.

Паведамляецца, што Макей перадаў пасланьне прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду ад Аляксандра Лукашэнкі. Зьмест пасланьня не раскрываецца.

Як перадае прэсавая служба МЗС, падчас візыту абмеркаваныя стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых адносін у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, каапэрацыйнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай сфэрах, пытаньні ўзаемнай падтрымкі на міжнароднай арэне, у тым ліку па сытуацыі ў Сырыі і рэгіёне.

«Падчас перамоваў выказаная падтрымка сырыйскаму народу ў барацьбе супраць замежнага ўмяшаньня і тэрарызму», — паведамляюць у МЗС Беларусі.