Але каб мець козыры падчас дыпляматычных перамоваў, Расея павінна гаварыць пра вялікую колькасьць расейскамоўнага насельніцтва, якое загінула на тэрыторыі ўсходняй Украіны. Гэтае замкнёнае кола прымушае думаць, што сустрэча Ангелы Мэркель, Франсуа Алянда, Пятра Парашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў сераду ў Менску не прынясе ніякіх станоўчых навінаў для Ўкраіны, лічаць ва ўкраінскім Цэнтры Разумкова, аўтарытэтнай няўрадавай аналітычнай структуры.
Пра тое, чаму не спрацоўваюць дыпляматычныя шляхі вырашэньня канфлікту, Радыё Свабода пагутарыла з судырэктарам праграм зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі «Цэнтру Разумкова» Аляксеем Мельнікам.
– Лідэры краін хочуць дамаўляцца, а ў Данбасе працягваюцца баі. Як зьвязаныя гэтыя працэсы?
– Прычына актывізацыі баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны – зусім не жаданьне захапіць новыя тэрыторыі ці ключавыя пункты, а падняцьцё ставак Расеі на дыпляматычных перамовах. Калі цяпер ацэньваць бакі канфлікту, якія ўдзельнічаюць у перамовах, то іх можна выразна падзяліць на дзьве часткі: Расея – з аднаго боку, Украіна і краіны Захаду – з другога. І адзіны інструмэнт, якім валодае Расея, – гэта вайсковая сіла, якой Уладзімер Пуцін імкнецца скарыстацца па максымуме. Цяпер ідзе максымальнае падняцьцё ставак, а таксама запалохваньне Ўкраіны і яе заходніх партнэраў тым, што Расея не зьбіраецца спыняцца – маўляў, альбо прымайце ўмовы Пуціна, альбо будзьце гатовыя да новых ахвяраў. А для Пуціна шматлікія сотні і тысячы расейскамоўнага ўкраінскага насельніцтва, якія ўжо загінулі, – гэта толькі козыры ў гульні, якую ён вядзе з краінамі Захаду. Наступальныя апэрацыі, у тым ліку ў Дэбальцаве, – гэта чарговая спроба прымусіць пагадзіцца на ўмовы Расеі.
– Лідэры самаабвешчаных ДНР і ЛНР самаўпэўнена заяўляюць, што не зьбіраюцца выконваць ніякія дамоўленасьці і пагадненьні. Дык які тады сэнс прэзыдэнтам дамаўляцца?
– Трэба разумець, што кіраўнікі баевікоў – падначаленыя Крамля. Гэта дасягнута праз дастаткова эфэктыўнае ўсталяваньне кантролю і пабудову вэртыкалі, якой можна кіраваць. Разам з тым яны падкантрольныя ня цалкам. Гэта ўласьціва людзям, якія ў нейкі момант адчулі, што яны самастойныя гульцы. Калі паслухаць Захарчанку, то становіцца ясна, што ён пазыцыянуе сябе як лідэра квазідзяржавы. Але ёсьць момант, які робіць лідэраў баевікоў цалкам залежнымі ад Расеі, – пастаўкі зброі. Таму варта Пуціну прыняць рашэньне пра спыненьне туды паставак зброі і боепрыпасаў, і праз тыдзень-два баевікі стануць паслухмяныя, як кацяняты. За дзень баевікі выкарыстоўваюць каля 150 тон боепрыпасаў. Зразумела, што ў Данецку ці Луганску такіх запасаў няма, зброя ідзе з Расеі. Калі спыніць пастаўкі, то менш як праз паўмесяца зброя ў баевікоў скончыцца і сытуацыю можна будзе зафіксаваць хаця б на ўзроўні замарожанага канфлікту.
– Ці можна прагназаваць які-небудзь прарыў у вырашэньні канфлікту падчас сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску, з улікам таго, што яна доўга рыхтавалася і адкладалася?
– Магу сказаць толькі тое, што агучыла ўчора на прэс-канфэрэнцыі Ангела Мэркель у Вашынгтоне, – цяпер цяжка казаць пра любыя пэрспэктывы сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску. Невядома пакуль, ці яна адбудзецца ў прынцыпе, а тым больш складана прагназаваць яе вынікі. Усё робіцца для таго, каб яна адбылася, і для таго, каб хаця б было дасягнутае пагадненьне пра спыненьне агню.
Што тычыцца ўмоваў Пуціна, то тут і закладзеная асноўная праблема. Таму што адзін з бакоў зацікаўлены спыніць агонь і кровапраліцьце, другі бок – не зацікаўлены ў гэтым. Расею ўвогуле не хвалюе колькасьць ахвяраў, наадварот, яна выкарыстоўвае гэта як аргумэнт. Таму казаць пра ўмовы Пуціна, які зацікаўлены ў працягу баявых дзеяньняў, вельмі цяжка. Менавіта ў гэтым і палягае складанасьць працэсу перамоваў. На жаль, такая яго пазыцыя не дае ніякага аптымізму для таго, каб прагназаваць станоўчы вынік сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску.