Да саміту ў «нармандзкім фармаце» па Ўкраіне ў Менску бакам трэба ўзгадніць шэраг прынцыпова важных пытаньняў, у прыватнасьці, умовы адвядзеньня цяжкога ўзбраеньня, заявіў у панядзелак кіраўнік МЗС Францыі Ляран Фабіус.
Гэта пытаньне аб тым, «на якую адлегласьць бакі канфлікту павінны адвесьці цяжкае ўзбраеньне і як забясьпечваць кантроль над мяжой. Усё гэта знаходзіцца на стадыі абмеркаваньня, і на аснове вынікаў будзе прынятае рашэньне па саміту ў Менску, які, як мы спадзяемся, прынясе вынікі», — патлумачыў кіраўнік францускага МЗС.
«Пакуль мы не дасягнулі вынікаў, аднак на дыпляматычным узроўні мы робім усё магчымае для дээскаляцыі канфлікту і аднаўленьня міру», — сказаў Фабіюс. Ён паведаміў, што на працягу дня ў панядзелак у Бэрліне падрыхтоўка да саміту будзе абмеркаваная на ўзроўні палітычных дырэктараў МЗС Нямеччыны, Расеі, Украіны і Францыі, а ў аўторак у Менску пройдзе сустрэча палітычных дарадцаў.
Сярод мірных прапановаў, апроч іншага, фігуруе і прапанова ўвесьці ў зону канфлікту міжнародны міратворчы кантынгент. Сёньня кіраўнік самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі заявіў, што ЛНР згодная на ўвод міратворцаў пры ўмове, што ў іх склад увойдуць расейцы і беларусы.