Нармандзкім фарматам называюць перамовы па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне, у якіх прымаюць удзел дэлегацыі ад Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіны. Упершыню прадстаўнікі гэтых дзяржаваў вялі перамовы па гэтым пытаньні ў чэрвені 2014 году ў Нармандыі, на ўрачыстасьцях, прысьвечаных 70-годзьдзю высадцы ангельскіх і амэрыканскіх войскаў ва Францыі. Пасьля чэрвеня 2014 году сустрэча ў «нармандзкім фармаце» адбылася 17 кастрычніка 2014 году ў Міляне (Італія) падчас форуму «Азія — Эўропа».
Сустрэчу лідэраў чатырох краінаў плянавалася правесьці ў Астане (Казахстан) у сярэдзіне студзеня гэтага году, аднак яна не адбылася.
Чарговая сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» заплянаваная на 11 лютага ў Менску.
Жэнэўскім фарматам называюць перамовы па сытуацыі ва Ўкраіне з удзелам прадстаўнікоў ЗША, Расеі, Украіны і Эўразьвязу. Такія перамовы ўпершыню адбыліся 17 красавіка мінулага году ў Жэнэве на ўзроўні міністраў замежных справаў ЗША, Расеі, Украіны і высокага прадстаўніка ЭЗ па зьнешняй палітыцы.
Нарэшце, менскім фарматам называюць сустрэчы кантактнай групы АБСЭ па Ўкраіне з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ, Расеі, Украіны і данбаскіх сэпаратыстаў. У верасьні на гэтых перамовах у Менску былі заключаныя пагадненьні, вынікам якіх стала часовае перамір’е на ўсходзе Ўкраіны.