Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд прыбылі ў Маскву для перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным аб шляхах мірнага ўрэгуляваньня на ўсходзе Ўкраіны.
Мэркель і Алянд прывезьлі новы плян спыненьня агню ў Данбасе, які ў чацьвер абмеркавалі ў Кіеве з украінскім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам. Пасьля сустрэчы з эўрапейскімі лідэрамі Парашэнка выказаў надзею на дасягненьне спыненьня агню ў Данбасе, падкрэсьліўшы, што ўсе бакі канфлікту павінны выконваць Менскія дамоўленасьці аб неадкладным перамір’і, вызваленьні ўсіх закладнікаў, закрыцьці мяжы з Расеяй, вывадзе ўсіх замежных войскаў з украінскай тэрыторыі.
Хутчэй за ўсё, Украіне будзе прапанавана ўстрымацца ад уступленьня ў НАТО
Украінскі лідэр падзякаваў Эўропе за падтрымку Кіева, аднак ніякіх падрабязнасьцяў перамоваў не паведаміў. Па дадзеных з украінскіх дыпляматычных крыніц, сутнасьць француска-нямецкай ініцыятывы зводзіцца да спыненьня агню на ўмовах прызнаньня новай лініі разьмежаваньня ў Данбасе, не супадае з той, якая фігуруе ў менскіх пагадненьнях. Зафіксаваць такую лінію прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнка прапанаваў у сваім пасланьні 15 студзеня расейскі лідэр Уладзімер Пуцін. Гэтага ж патрабавалі лідэры сэпаратыстаў на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы 31 студзеня ў Менску. Француска-нямецкі плян магчыма ўтрымлівае і прапанову разьмясьціць ўздоўж лініі разьмежаваньня міжнародны міратворчы кантынгент.
Аб іншых магчымых пунктах пляну лідэраў Францыі і Нямеччыны кажа дырэктар Інстытуту ўкраінскай палітыкі Косць Бандарэнка:
— Хутчэй за ўсё, Украіне будзе прапанавана ўстрымацца ад уступленьня ў НАТО. Гэта адзін з козыраў для таго, каб дамагчыся саступак ад Пуціна. Яны могуць сказаць яму, што мы ня будзем разглядаць пытаньне аб сяброўстве Ўкраіны ў НАТО, а Пуцін, са свайго боку, павінен пагадзіцца зачыніць ўчастак мяжы з Украінай і такім чынам спыніць дапамагаць «ДНР» і «ЛНР». Акрамя таго, верагодна, будзе аказвацца ціск на Ўкраіну з тым, каб яе дзяржаўнасьць будавалася па фэдэратыўнаму прынцыпе. Але на гэта, відавочна, Парашэнка ня пойдзе.
Па словах прэс-сакратара Парашэнкі Святаслава Цэголкі, пытаньне аб фэдэралізацыі на кіеўскіх перамовах не абмяркоўвалася. Ён падкрэсьліў, што Ўкраіна была і застаецца ўнітарнай дзяржавай. Чакаецца, што ў Маскве Франсуа Алянд і Ангела Мэркель зробяць заявы, якія тычацца лёсу ўкраінскай ваеннаслужачай Надзеі Саўчанкі, якая ўжо 8 тыдняў трымае галадоўку пратэсту ў расейскай турме. Перад вылетам у Маскву Мэркель адзначыла, што ўсё ж не ўпэўненая ў тым, што перамовы ў расейскай сталіцы прывядуць да пагадненьня аб спыненьні агню ва Ўкраіне.
У чацьвер у Кіеве пабываў і дзяржсакратар ЗША Джон Кэры. Ён запатрабаваў ад Расеі «прадэманстраваць прыхільнасьць спыненьня кровапраліцьця» ва Ўкраіне. Кэры заявіў, што Масква павінна адмовіцца ад падтрымкі самаабвешчаных рэспублік у Данбасе, вывесьці войскі і тэхніку з украінскай тэрыторыі і аказаць ціск на сэпаратыстаў, каб тыя выконвалі рэжым спыненьня агню.
ЗША настойваюць на абавязковым выкананьні «менскіх пагадненьняў па Данбасу», падпісаных у верасьні мінулага года, заявіў Джон Кэры, падкрэсьліўшы, што краіны Захаду хочуць дыпляматычнага вырашэньня крызісу, але ня могуць зачыняць вочы на тое, як «расейскія байцы ў форме без апазнавальных знакаў, расейскія танкі і боепрыпасы перасякаюць ўкраінскую мяжу для падтрымкі канфлікту ». Амэрыканскі Дзяржсакратар ў маскоўскіх перамовах удзелу не бярэ.
Больш падрабязна пра магчымасьці спыненьня вайны на ўсходзе Ўкраіны і шляхах ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу кажа дырэктар Цэнтра ўкраінскіх дасьледаваньняў Інстытута Эўропы Расейскай Акадэміі навук Віктар Міраненка.
— Калі ёсьць хоць бы невялікі шанец спыніць кровапраліцьце і пакуты людзей на Ўсходзе Ўкраіны, то, вядома, гэтым шанцам неабходна скарыстацца. Мне чамусьці здаецца, што і Франсуа Алянд, і Ангела Мэркель кіруюцца найперш гэтымі меркаваньнямі. Яны, наколькі вядома, хочуць прапанаваць пазаблёкавасьць і фэдэралізацыю краіны ў абмен на спыненьне агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. Гэта вельмі цяжкая задача. Спробаў было ўжо шмат. Ня раз аб’яўлялася спыненьне агню, але яно не выконвалася. Я думаю, што ані Алянда, ані Мэркель ляўры Чэмбэрлена, напэўна, не задавальняюць. Таму, хутчэй за ўсё, што яны, напэўна, запатрабуюць нейкіх гарантый бясьпекі для Ўкраіны. Фэдэралізм і пазаблёкавы статус магчымыя і пажаданыя для Ўкраіны, але толькі пры цьвёрдых гарантыях бясьпекі і сур’ёзнай эканамічнай дапамогі.
— Вы лічыце, што унітарная дзяржава — гэта пазыцыя, ад якой ўкраінскія палітыкі могуць адступіць?
— Я думаю, што ў свой нядаўнім інтэрвію газэце Di Welt прэзыдэнт Украіны Парашэнка рабіў акцэнт на ўнітарнасьці менавіта з-за той канкрэтнай сытуацыі, у якой яго краіна знаходзіцца. Я ў гісторыі не памятаю выпадку, каб якая-небудзь краіна ўводзіла фэдэралізм ва ўмовах вайны. Таму важная пасьлядоўнасьць дзеяньняў. Спачатку трэба спыніць ваенныя дзеяньні, забясьпечыць гарантыі бясьпекі краіны з боку Масквы і сілаў, якія задзейнічаны ў агрэсіі, а пасьля гэтага, вядома — вырашаць пытаньні максымальных ступеняў свабоды ва Ўкраіне. У мяне ёсьць выразнае адчуваньне таго, што рашэньне ўкраінскіх праблем шмат у чым залежыць ад Масквы, ад перамоваў з Пуціным, але больш за ўсё рашэньне гэтых праблем залежыць ад самой Украіны. Украіна калі-небудзь стане самай свабоднай дзяржавай Эўропы, дзе знойдуць прымяненьне сваёй актыўнасьці людзі, якім цесна ў Заходняй Эўропе, у ЭЗ, альбо яна сутыкнецца з вельмі сур’ёзнымі праблемамі.
— Сэпаратысты пры ўсебаковай падтрымцы Масквы, мяркуючы па ўсім, выйграюць вайну ў Украіны. Што можа прымусіць іх зьменшыць свае патрабаваньні? Фактычна за месяц яны атрымалі яшчэ паўтары тысячы квадратных кілямэтраў тэрыторыі. Мяркуючы па ўсім, яны здольныя замкнуць «дэбальцаўскі кацёл». Навошта ім цяпер дамаўляцца?
— Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Па-першае, не сэпаратысты выцясьняюць ўкраінскіх вайскоўцаў. Украінскіх вайскоўцаў выцясьняе мацнейшая падтрымка Масквы: за кошт цяжкіх і найноўшых відаў узбраеньняў, за кошт вялікай колькасьці людзей, якія ня носяць знакаў адрозьненьня расейскай арміі, але зьяўляюцца грамадзянамі РФ. Самі сэпаратысты ня пратрымаліся б супраць ўкраінскай арміі і некалькіх тыдняў, у гэтым я цалкам не сумняваюся: проста несупаставімыя тэрытарыяльныя, людзкія, фінансавыя, ваенныя рэсурсы. Трэба проста ўсьведамляць, што ідзе не вайна сэпаратыстаў з Украінай, а ідзе паўнамаштабная (хай і гібрыдная як яе завуць) вайна паміж Украінай і Расеяй. Трэба разумець: няма ваеннага вырашэньня праблемы. Пакуль за сэпаратыстамі стаіць раеійская армія і масавая падтрымка ўзбраеньнямі з Расеі, ўкраінская армія наўрад ці зможа дамагчыся якой-то перамогі. Але зь іншага боку, я думаю, што і ў Расеі выдатна разумеюць: у ЗША вядуцца вельмі сур’ёзныя размовы пра тое, каб забясьпечыць украінцаў сучаснымі відамі ўзбраеньняў. Калі за ўкраінскай арміяй ўстане НАТО, патэнцыял ЗША, наўрад ці ў Расеі атрымаецца пераламаць ваенную сытуацыю. У ваенным стаўленьні — гэта відавочная патавая сытуацыя, гэта тупік. Ваеннага рашэньня няма ні для воднага боку. Тым важней гэтая ініцыятыва Алянда і Мэркель, хоць, вядома, хацелася б зразумець, якая цана таго міру, які яны зьбіраюцца прынесьці ў Эўропу. Я не выпадкова згадаў пра Чэмбэрлена.
— У параўнаньні з верасьнёўскімі перамовамі ў Менску складваецца так, што пазыцыя Масквы і сэпаратыстаў ўзмацнілася, а пазыцыя Ўкраіны — саслабла. Вы лічыце, што Масква ў гэтых умовах будзе адстойваць канцэпцыю Наваросіі? Або, канчаткова аформіўшы квазінезалежнасьць непрызнаных рэспублік, Крэмль супакоіцца?
— Я думаю, што Масквой рухаюць два матывы. Першы — гэта захаваньне твару, і гэта вельмі сур’ёзная матывацыя. Проста адмовіцца ад падтрымкі сэпаратыстаў і сыйсці — непрымальна. Другі матыў і другая прычына дзеяньняў — стварэньне ачага напружанасьці, які б патрабаваў ад Украіны калясальных выдаткаў, адцягваў Украіну ад вырашэньня сваіх сацыяльна-эканамічных задачаў. Украіна — патэнцыйна квітнеючая дзяржава, і для таго, каб дасягнуць росквіту, ёй не спатрэбілася б вельмі сур’ёзнай фінансавай дапамогі — нават такой, як Грэцыі. Але гэта дало б цудоўны аргумэнт наконт таго, што шлях, які абраны Расеяй — цэнтралізацыя, адзяржаўленьне, уціск свабодаў — няправільны у сэнсе мадэрнізацыі постсавецкай прасторы. А тое, што прапаноўвала Ўкраіна (хоць яна, на жаль, гэтага не зрабіла, пакуль гэтага ня робіць і новае кіраўніцтва Ўкраіны), гэта значыць максымальная ступень свабоды на гэтым ўсходнеэўрапейскай прасторы — гэта правільны шлях. Але калі на адной шалі вагаў — чалавечыя жыцьці, а на іншай — чыйсьці прэстыж, то зразумела: жыцьцё важней. Але важная і цана сьвету, важная працягласьць міру, які можа наступіць пасьля перамоваў. Мне думаецца, што пра гэта таксама трэба вельмі сур’ёзна думаць.