Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Вашынгтон і Брусэль павінны быць адзіныя ў сваёй жорсткай пазыцыі ў дачыненьні да агрэсіі Расеі супраць Украіны. Пра гэта ён заявіў у Брусэлі, дзе сустракаецца з прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам.
«Украіна змагаецца за сваё выжываньне цяпер. Расея працягвае эскаляцыю канфлікту, пасылаючы наймітаў і танкі, „зялёных чалавечкаў“ без распазнавальных знакаў, жаўнераў для вельмі складаных спэцаперацый», — адзначыў ён.
Па словах Байдэна, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «заклікае да новых мірных плянаў у той час, калі яго войскі разгортваюцца ля ўкраінскіх сілаў, і ігнаруе дамоўленасьці, якія яго ж краіна падпісала раней і зусім нядаўна, у тым ліку і ў Менску».
«Гэта момант, калі ЗША і Эўропа павінны быць разам і павінны быць устойлівыя. Нельга дазволіць Расеі перапісаць мапу Эўропы. А гэта — якраз тое, што Расея робіць», - адзначыў віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў.
Сёньня ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным сустракаюцца канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд. Напярэдадні яны пабывалі з візытам у Кіеве.