За дзень да гэтага Мэркель і Алянд сустракаліся ў Кіеве з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што канкрэтны зьмест мірных прапановаў лідэраў Францыі і Нямеччыны невядомы, аднак наўрад ці там будзе «нешта рэвалюцыйнае».
Паводле некаторых дадзеных, гаворка ідзе пра тое, каб даць шырэйшую аўтаномію гэтым рэгіёнам і замацаваць тую лінію разьмежаваньня, якая фактычна склалася ў выніку апошніх ваенных дзеяньняў.
«Паводле некаторых дадзеных, гаворка ідзе пра тое, каб даць шырэйшую аўтаномію гэтым рэгіёнам і замацаваць тую лінію разьмежаваньня, якая фактычна склалася ў выніку апошніх ваенных дзеяньняў. Скажу шчыра: гэта ня вельмі прымальна для Ўкраіны. Але, мабыць, адзінае, пра што можна дамовіцца ў бліжэйшай пэрспэктыве, — гэта пытаньне аб спыненьні агню. І самым складаным тут будзе менавіта лінія разьмежаваньня, а таксама працэдура кантролю забесьпячэньня рэальнага спыненьня агню», — кажа Фясенка.
У кантэксьце забесьпячэньня замірэньня можа разглядацца пытаньне аб увядзеньні міратворцаў у Данбас. Але тут прынцыпова важна вызначыцца, хто будзе выступаць у ролі міратворцаў, лічыць экспэрт.
«Для Ўкраіны будзе абсалютна непрымальна, калі ў ролі міратворцаў будуць расейцы. Наўрад ці будзе прымальны і варыянт, калі ў гэтай ролі будуць выступаць саюзьнікі Расеі па АДКБ. Таму, калі разглядаць варыянт зь міратворцамі, то міратворцы павінны быць ня толькі на лініі разьмежаваньня, але і на мяжы паміж Украінай і Расеяй, для таго каб расейская зброя не паступала на тэрыторыю дзьвюх сэпаратысцкіх рэспублік. Інакш канфлікт будзе бясконцы, і пэрспэктыў яго спыненьня проста ня будзе», — падкрэсьлівае Фясенка.
Аднак галоўная мэта Мэркель і Алянда простая: вывесьці перамоўны працэс з тупіку і паспрабаваць дамовіцца аб спыненьні агню на ўсходзе Ўкраіны.
Пры гэтым Фясенка ня верыць, што эўрапейскія лідэры рыхтуюць нейкія сэпаратныя пагадненьні з Пуціным без уліку пазыцыі Кіева: калі б гэта было так, то Мэркель і Алянд ня ехалі б у Кіеў.