Раней анархісты вырабілі сэрыю плякатаў «Якое будзе тваё першае слова на беларускай мове?» з варыянтамі адказаў — «аўтазак», «кайданкі», «допыт». У інтэрнэце распачалася дыскусія, ці не зьневажаюць такія плякаты беларускую мову, і каб узнавіць справядлівасьць, праваабаронцы вырашылі зрабіць расейскамоўныя вэрсіі плякатаў з тэкстам «Каким будет твоё первое слово на родном языке?».
Раней былі затрыманыя 6 актывістаў анархісцкага руху, у тым ліку і Аляксандар Францкевіч. Усіх затрыманых пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі ад 10 да 25 сутак. На кожнага быў складзены пратакол па арт. 23.4 «Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням» супрацоўнікаў міліцыі, дваіх яшчэ абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы (арт.17.1 «Дробнае хуліганства»). «Вясна» мае падставы меркаваць, што прычынай затрыманьняў сталі акцыі супраць беспадстаўных арыштаў удзельнікаў панк-канцэрту ў клюбе «Піраты».
Праваабаронца Наста Лойка распавяла карэспандэнту Свабоды Алесю Дашчынскаму, што гэта быў фотапікет у адным зь менскіх двароў:
«Мы яго правялі ў сувязі з перасьледам актывістаў анархісцкага руху якраз за фотаздымкі, якія зьявіліся ў інтэрнэце. Прычым здымкі рабіліся ўначы на фоне такіх аб’ектаў як турма на Акрэсьціна, суд і пастарунак. За што іх можна было затрымліваць? Гэта абсалютна мірная форма пратэсту супраць адвольных затрыманьняў іх сяброў. І тое, што іх за гэта адвольна затрымліваюць, без абсалютнага доказу сувязі людзей з гэтымі акцыямі, мы таксама вырашылі зрабіць такі пікет. У іх была частка акцый, што яны налеплівалі плякаты „Маё першае слова па беларуску“ і ў іх былі „допыт“, „аўтазак“, „арышт“. А мы такія ж плякаты зрабілі па-расейску. І на знак салідарнасьці зь імі сфатаграфаваліся. Паколькі наша родная мова беларуская, мы зрабілі такія плякаты па-расейску. Каб іх падтрымаць і выказацца супраць адвольных затрыманьняў».
Наста Лойка сказала, што пікет праходзіў у двары, мэтай было сфатаграфавацца і выставіць фотаздымкі ў сеціва.